Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКАЯ ТУРМА ДАЗВОЛІЛА ЖОНЦЫ ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА ПАБАЧЫЦЬ МУЖА


Казімер Яноўскі, Гомель

Турэмная адміністрацыя дазволіла Галіне Бандажэўскай перадаць мужу харчовую пасылку, пабачыцца зь ім праз спэцыяльнае акно і пагутарыць паўтары гадзіны пры дапамозе ўнутранага турэмнага тэлефону. Спадарыня Бандажэўская занепакоеная станам здароя мужа.

(Бандажэўская: ) “Ён вельмі прыгнечаны, знаходзіцца ў такім дэпрэсіўным стане. Ён губляе надзею, што справядлівасць калі-небудзь пераможа. Апроч даўняй хваробы страўніка, у яго часта падвышаецца крывяны ціск, зьявіўся галаўны боль і болі ў сэрцы. Але мяне больш за ўсё хвалюе дэпрэсія, бо яна можа спрычыніцца да іншай цяжкай паталёгіі”.

Як распавяла жонка прафэсара, эстонскія мэдыкі даслалі Юрыю Бандажэўскаму ў турму таномэтар і фанэндаскоп, каб ён хоць неяк мог кантраляваць стан свайго здароўя.

Асуджанага прафэсара імкнуцца падтрымаць навукоўцы многіх заходніх краінаў, у прыватнасьці, Францыі, Нямеччыны, Швайцарыі. Яны выпісалі для Юрыя Бандажэўскага замежныя мэдычныя часопісы. На турэмны адрас былога рэктара інстытуту пішуць і нобэлеўскія ляўрэаты.

Па словах Галіны Бандажэўскай, усё гэта маральна падтрымлівае прафэсара, бо ў турме ён знаходзіцца ў асяродку забойцаў, гвалтаўнікоў, асобаў зь цяжкім крымінальным мінулым.

Юры Бандажэўскі пакутуе і ад таго, што ня можа па-сапраўднаму займацца навукай.

Францускі навукова-дасьледчы Інстытут радыяцыйных праблемаў “KRIRAD” і беларускі інстытут “БелРад” прафэсара Несьцярэнкі зьвярнуліся ў Камітэт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў да начальніка Ўладзімера Коўчура, каб Бандажэўскаму дазволілі быць навуковым кансультантам у сумеснай працы вывучэньня ўзьдзеяньня радыяцыі на арганізм дзяцей.

(Бандажэўская: ) “З адказу начальніка Камітэту выкананьня пакараньняў будзе бачна многае. Адказ пакажа, наколькі важная і патрэбная навука, якая вывучае стан здароўя дзяцей, што жывуць на забруджаных тэрыторыях Гомельскай вобласьці. Гэта адначасна пакажа людзям, за што ў сапраўднасьці сядзіць прафэсар Бандажэўскі — за хабар ці свае навуковыя погляды на праблемы радыяпаталёгіі?”.
XS
SM
MD
LG