Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАЎТРА Ў ГОРАДНІ ПАЧЫНАЕЦЦА СУД НАД ЖУРНАЛІСТАМІ ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Галоўнага рэдактара “Пагоні” Міколу Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку абвінавачваюць у паклёпе на прэзыдэнта. Крымінальная справа прадугледжвае ад 1 да 5 гадоў зьняволеньня.

Спачатку суд прызначылі на 9 красавіка. Але з прычыны хваробы судзьдзі працэс адклалі. Пазьней судзьдзю замянілі. Працэс будзе весьці судзьдзя Тацяна Клімава.

Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Я мяркую, што галоўнай асаблівасьцю заўтрашняга працэсу зьяўляецца тое, што ён усё ж распачаўся — пасьля магутнай міжнароднай салідарнасьці, салідарнасьці ўнутры краіны. Дзясяткі, сотні аўтарытэтных людзей сёньня ў Беларусі й ва ўсім сьвеце выказаліся супраць гэтага працэсу. Давялі ўладам, што выказваньне журналістамі сваёй думкі ня ёсьць крымінальным злачынствам. І тым ня менш улада працягвае гэты працэс. Тым самым Беларусь усё больш набывае рэпутацыю краіны, дзе судзяць за слова.

Мяне непакоіць гэтая ўпартасьць — цалкам магчыма, што за ёю можа хавацца жаданьне проста засудзіць нас. Я ўпэўнены, калі судзьдзя асьмеліцца весьці працэс згодна з законам, то вынік можа быць толькі адзін — апраўдальны прысуд. І я ўпэўнены, што так яно і будзе. Рана ці позна. Бо сёньня ўсім відавочна адное: што пры зьмене палітычнай улады любое кепскае, я б ужыў такое слова, рашэньне суду будзе перагледжанае. І гэта, відаць, самае вялікае сьведчаньне таго, што гэта ёсьць палітычная справа”.

На заўтрашні суд над “Пагоняй” прыедуць прадстаўнікі прынамсі пяці амбасадаў — Вялікабрытаніі, ЗША, Нямеччыны, Францыі й Польшчы.
XS
SM
MD
LG