Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛЮДМІЛА КАРПЕНКА АТРЫМАЛА СТАТУС ПАЛІТЫЧНАЙ УЦЯКАЧКІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тры месяцы ўлады Нямеччыны разглядалі заяву Людмілы Карпенкі пра атрыманьне статусу палітычнага ўцекача — і вось заява задаволеная. Разам з удавой Генадзя Карпенкі палітычны прытулак атрымалі сын Зьміцер і дачка Тацяна з унучкай Настай. Сям’я Карпенкаў пакуль што надалей будзе жыць у маленькім гарадку Эфінген пад Штутгартам, але потым магчымыя нейкія зьмены.

Статус палітычнага ўцекача дае права на невялікую грашовую дапамогу дзяржавы і бясплатнае навучаньне нямецкай мове, што дасьць магчымасьць уладкавацца на працы, а значыць, інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва. Гэты лёс Людміла Карпенка не выключае для сваіх дзяцей. Але сама яна зьбіраецца браць удзел у палітычным жыцьці Беларусі. Спадарыня Карпенка марыць вярнуцца дамоў, як толькі дазволяць умовы.

Вось як Людміла Карпенка пракамэнтавала Радыё Свабода свой новы статус:

(Карпенка: ) “Вядома, асаблівай радасьці ад атрыманьня гэтага статусу ў мяне няма, бо я думаю, што вярнуся. Але пры Лукашэнку гэта зрабіць цяжка, бо трэба ня проста жыць, а змагацца. Фонд, які я стварыла разам зь дзецьмі й сябрамі Генадзя, працягвае дзейнічаць, і адсюль ён будзе дзейнічаць нават больш актыўна. Гэтак я працягваю сваё змаганьне з рэжымам, які існуе ў нас у Беларусі”.

Адзін зь лідэраў аб’яднанай апазыцыі, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка лічыўся найбольш рэальным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта Беларусі, але ў красавіку 1999 году Карпенка нечакана памёр.

Сям’я Карпенкі і шмат хто ў апазыцыі лічаць гэтую сьмерць падазронай і не выключаюць, што Генадзь Карпенка быў забіты з палітычных прычынаў. У 2000 годзе быў утвораны Фонд імя Генадзя Карпенкі, які ўзначаліла ягоная ўдава Людміла Карпенка. Летась у студзені яна з дарослымі дзецьмі зьехала ў Нямеччыну, адкуль працягвае кіраваць фондам імя мужа.
XS
SM
MD
LG