Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА АБМЯРКУЮЦЬ НА ЧАРГОВАЙ КАНФЭРЭНЦЫІ ЎСЯСЬВЕТНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ


Алена Панкратава, Менск

На канфэрэнцыю УААЗ, якая будзе працаваць у Жэневе з 13 па 17 траўня, запрошаныя кіраўнікі мэдычных ведамстваў краінаў-сябраў гэтае арганізацыі, у тым ліку і выканаўца абавязкаў Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

У некаторых паседжаньнях канфэрэнцыі будуць браць удзел і прадстаўнікі шэрагу недзяржаўных арганізацыяў, якія маюць дачыненьне да мэдычных праблемаў. Напярэдадні прадстаўнікі гэтых арганізацыяў даслалі адмысловыя лісты да ўсіх запрошаных міністраў з просьбай дадаткова абмеркаваць у Жэнэве два наступныя пытаньні — лёс беларускага навукоўца Юрыя Бандажэўскага і дачыненьні паміж УААЗ і МАГАТЭ.

Аднымі з ініцыятараў падобных прапановаў зьяўляюцца муж і жонка Саланж і Мішэль Фэрнэ, якія прадстаўляюць незалежную лябараторыю радыялягічнага кантролю. Паводле Саланж Фэрнэ, днямі большасьць міністраў аховы здароўя, а таксама старшыня УААЗ спадарыня Брундлянд выказалі сваю згоду абмеркаваць гэтыя пытаньні.

(Фэрнэ: ) “На цяперашні момант міністры аховы здароўя большасьці краінаў сьвету ведаюць пра лёс Юрыя Бандаждэўскага, і, як нам падаецца, яны маюць жаданьне наступнымі днямі абмеркаваць гэтае пытаньне з прадстаўніком Беларусі — тым, хто зараз выконвае абавязкі міністра ў гэтай краіне. Мяркуецца, што міністры розных краінаў напішуць адмысловы ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі й паспрабуюць пераканаць беларускага кіраўніка, што такія людзі як прафэсар Бандажэўскі павінны мець магчымасьць працаваць на карысьць людзей.

Дарэчы, зь імем Бандажэўскага зьвязанае і ініцыяваньне другога пытаньня, якое мы зьбіраемся абмеркаваць ў Жэнэве. Размова ідзе пра дачыненьні між УААЗ і МАГАТЭ. Пасьля падпісаньня дагавору паміж гэтымі арганізацыямі ў 1959 годзе Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя ня можа праводзіць незалежнага мэдычнага дасьледаваньня ўплыву апраменьваньня на арганізм чалавека без санкцыі МАГАТЭ. Як вынік, большасьць публікацыяў адносна чарнобыльскіх наступстваў апынулася пад забаронай. Гэта тычыцца і навуковай дзейнасьці беларускага прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Ягоная навуковая дзейнасьць заўсёды выклікала супраціў з боку прадстаўнікоў атамнага лёбі.

На наступным тыдні ў Жэнэве мы зьбіраемся правесьці некалькі акцыяў насупраць будынку ААН у падтрымку гомельскага навукоўца. Самая ж вялікая імпрэза пад назвай “Свабоду Юрыю Бандажэўскаму”, на якую зьедуцца навукоўцы з усяго сьвету, адбудзецца ў Жэнэве 25 траўня”.
XS
SM
MD
LG