Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕЛАРУСІ ЁСЬЦЬ ПЕРШЫ ЎДАЛЫ ВЫПАДАК АБАРОНЫ ПРАВОЎ СПАЖЫЎЦА


Ігар Карней, Менск

У 1996 годзе жыхарка Менску Тамара Гулезава замовіла шэсьць міжпакаёвых дзьвярэй у сталічнай фірме “Бікаран” (апроч гэтага, “Бікаран” мае яшчэ сетку залівачных станцыяў). Паўгоду спадарыня Гулезава цярпліва чакала: кіраўніцтва спасылалася на часовыя цяжкасьці й абяцала вялікія зьніжкі з прычыны пратэрміноўкі.

Але калі ўрэшце тавар прывезьлі, жанчына папрасіла вярнуць грошы: у кожных дзьвярах яна налічыла да 40 шчылінаў таўшчынёй з палец. Кіраўніцтва “Бікарану” адмовілася ад такога варыянту: маўляў, калі нешта не задавальняе, зьвяртайцеся ў суд. Гаворыць Тамара Гулезава:

(Гулезава: ) “Зьвярталася ва ўсе арганізацыі — ад пракуратуры да Савету бясьпекі й КГБ. Ніхто не хацеў гэтым займацца. Зараз разумею, чаму: у фірмы няма да сёньняшняга дня ліцэнзіі, але яна займаецца ўстаноўкай дзьвярэй. Тут прасочваецца падтрымка на вельмі высокім узроўні. Прыйшлося вывучыць Крымінальна-працэсуальны, Крымінальны, Грамадзянскі кодэкс, і зараз са мной вельмі складана спрачацца. Але пераконваць прыходзіцца ня толькі ў парадку касацыі, але й нагляду, бо суды ідуць літаральна на паклон да “Бікарану”. Яны абараняюць толькі гэтую фірму. Мае пытаньні разглядаюцца толькі тады, калі няма дарогі назад”.

Спадарыня Гулезава кажа, што такіх жа небаракаў, як яна, у Беларусі нямала. Але змагацца з сыстэмай рызыкуюць адзінкі.

(Гулезава: ) “Усе яны імкнуцца гэта трымаць у таямніцы. Я правяла дасьледаваньне і знайшла іх. Але бальшыня кажа: нам даражэй будзе каштаваць, калі мы будзем абурацца. У мяне ёсьць каардынаты жанчыны, якая тры гады чакае аналягічнай замовы. Гэта ўжо сыстэма. Ня я адна, а цэлая сыстэма. Той жанчыне таксама сказалі, што ёй нічога ня варта рабіць, бо грошай ад яе яны быццам не атрымлівалі. Яна адмовілася змагацца, хоць я прапаноўвала быць у судзе ейным прадстаўніком”.

Між іншым, спадарыня Гулезава перакананая, што ейны асабісты прыклад можа стацца арыенцірам для ўсіх, хто пацярпеў ад несумленных фірмаў ці дзяржаўных установаў: прынамсі, з дапамогай Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў зрабіць гэта цалкам рэальна. Іншая справа, што ня кожны здольны ахвяраваць справай ды вольным часам дзеля рэальнай абароны сябе і сваёй маёмасьці. Але інакш станоўчага выніку і ня будзе. Спадарыня Гулезава кажа: часьцяком справа ўскладняецца тым, што суды і несумленныя ўстановы могуць працаваць разам.

(Гулезава: ) “Фірма, якая пастаўляе бэнзын усім гэтым зацікаўленым арганізацыям, я ўпэўненая, на 100% зь імі зьвязаная. Бо ніяк нельга аплачаныя ў 1996 годзе дзьверы не паставіць дагэтуль. Я гэта кажу адкрыта, бо калі б яны хоць нешта супраць мяне знайшлі, ужо справу разьдзьмулі б да такой ступені, што я сама вымушаная была б ад яе адысьці. А так я адказваю за кожную літару. Таму арыентуюся на кампэнсацыю, якая закладзеная законам: кожны пратэрмінаваны дзень — 1%, а гэта амаль 20 даляраў штодзень і цягам трох гадоў.

Гэта страты ня толькі матэрыяльныя, але й маральныя. Бо я амаль не займаюся працай, а кожны тыдзень наведваю суды. Першапачаткова кампэнсацыя за маральныя страты, якую мне выплацілі за пяць з паловай гадоў, склала каля 20 даляраў. Таму я патрабую перападлічыць яе памер паводле рэаліяў сёньняшняга дня”.

Толькі сёлета, пасьля таго, як адбылося больш як 150 судовых працэсаў, якія вялі сем розных судзьдзяў Цэнтральнага раёну сталіцы, Гулезава дасягнула плёну ў сваёй справе. За нанесеныя матэрыяльныя ды маральныя страты суд абавязаў фірму “Бікаран” выплаціць Тамары Гулезавай блізу 20 тысяч даляраў у эквіваленце. Гэта першы ў практыцы абароны правоў спажыўцоў выпадак такой буйной грашовай кампэнсацыі.
XS
SM
MD
LG