Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ СКАСАВАЛА АБАВЯЗКОВЫ ІСПЫТ ПА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Валянціна Аксак, Менск

З гэтага навучальнага году выпускнікі сярэдніх школаў будуць мець усяго два абавязковыя пісьмовыя іспыты: па матэматыцы і па мове — на выбар — расейскай альбо беларускай. Яшчэ два іспыты вучні могуць выбраць па астатніх школьных прадметах, у лік якіх рашэньнем міністра адукацыі сп. Брыгадзіна патрапіў і абавязковы з 1930-х гадоў мінулага стагодзьдзя вусны іспыт па беларускай літаратуры.

Гэтае рашэньне не такое бяскрыўднае, як здаецца на першы погляд, бо прынятае яно адначасова з рэзкім скарачэньнем колькасьці гадзінаў на вывучэньне роднае літаратуры. Сумарна з чацьвертае да адзінаццатае клясы колькасьць іх скарачаецца на сем урокаў штотыднёва. Тлумачыцца рашэньне неабходнасьцю разгрузкі школьнікаў, аднак колькасьць прадметаў прыродазнаўчага цыклю застаецца ранейшаю.

Вось як пракамэнтаваў рашэньні міністэрства намесьнік дырэктара Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "У школах з расейскай мовай навучаньня, а ў іх навучаецца пераважная бальшыня школьнікаў, фактычна зьнікае апошні стымул вучыцца гаварыць па-беларуску. Такім стымулам быў абавязковы іспыт, да якога трэба было рыхтавацца: вучыць вершы напамяць, рыхтаваць вусныя выказваньні па характарыстыцы твораў, эпохаў іх напісаньня і да таго падобнае.

Усё гэта зьнікае. Фактычна ідзе вяртаньне ў стан 1960-х гадоў, калі беларускую літаратуру вучні адказвалі па-расейску. Цяпер у настаўнікаў ня будзе ніякіх аргумэнтаў, каб змусіць вучняў адказваць гэты прадмет па-беларуску. Што прывядзе да татальнага выцясьненьня са школы беларускае вуснае мовы, яна застанецца толькі ў пісьмовым выглядзе".

Наступствы гэтых рашэньняў, калі яны ня будуць адмененыя, сп. Баршчэўскі ацэньвае, як разбуральныя.

(Баршчэўскі: ) "Гэта горшыя наступствы ў сваёй пэрспэктыве, чым наступствы таго сумнавядомага рэфэрэндуму 1995 году. Тое, што сёньня робіцца, — гэта крок у звужэньне функцыяваньня беларускае мовы, у вынішчэньне беларусаў як нацыі, якая мае сваю мову".

У сытуацыі зьвядзеньня да мінімуму колькасьці ўрокаў беларусазнаўчых і наагул гуманітарных прадметаў губляе сэнс існаваньне спэцыялізаваных школаў — такіх, якой зараз ёсьць Нацыянальны гуманітарны ліцэй.

(Баршчэўскі: ) "Гуманітарны ліцэй губляе свой сэнс. Таму што калі там застаецца літаратуры дзьве гадзіны, сусьветнае гісторыі адна гадзіна на тыдзень, мовы таксама адна ці дзьве гадзіны, другая замежная мова ня можа вывучацца па вызначэньні, бо на яе ў праграме няма рэзэрвовага часу, першую замежную мову таксама трэба скарачаць, то застаецца абавязковы набор гуманітарных прадметаў на мінімальным узроўні. Таму пагроза прыйшла цяпер зь іншага боку, пагроза ў тым, што зьнішчаецца сама мажлівасьць існаваньня гуманітарных навучальных установаў".
XS
SM
MD
LG