Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПАРТЫЗАНСКІМ РАЁНЕ СТАЛІЦЫ РАСПАЧАЛІ НОВУЮ КАМПАНІЮ ЛІКВІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ КЛЯСАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Дырэктарка школы Ганна Ходар таксама супраць. Тым болей, што менавіта 108-я школа была першаю ў сталіцы, якая яшчэ ў 1983 годзе рашэньнем Менгарвыканкаму атрымала статус беларускамоўнае.

(Ходар: ) "Беларускамоўныя клясы трэба захаваць. Мы ўсе гады іх захоўвалі. Нам было цяжка, нам было няпроста. Нас ня надта падтрымлівалі ў гэтым. Але ў нас кожны год былі беларускамоўныя клясы. Іх многа ў нас, і мая пазыцыя ў тым, што іх трэба захаваць".

(Карэспандэнтка: ) "Вы сказалі — многа. Гэта колькі?"

(Ходар: ) "Вось сёлета ў нас з 34 клясаў 22 беларускамоўныя, пачынаючы ад падрыхтоўчага і сканчаючы адзінаццатаю. У нас сёлета два беларускамоўныя з трох выпускных".

Васьміклясьнікам 10-е школы таксама паведамілі, што ў наступным навучальным годзе іх зьбіраюцца далучыць да расейскамоўнае клясы. Вось рэакцыя на гэткія пляны Ўладзімера Аляксеева, бацькі вучаніцы клясы Ганны:

(Аляксееў: ) "Ну ведаеце — гэта абсурд. Дзе я жыву? У Ізраілі я жыву? У Англіі? Я ж дома жыву. Я — беларус, хачу, каб і дзеці мае ведалі родную мову".

Загадчыца аддзелу адукацыі выканкаму Партызанскага раёну, на тэрыторыі якога месьцяцца абедзьве гэтыя школы, Сьвятлана Босая сказала, што канчатковага рашэньня што да названых клясаў яшчэ не прымалася, але фінансавыя праблемы з прычыны недастатковае іх камплектацыі ёсьць. На маё канкрэтнае пытаньне, ці будуць усё ж вучні гэтых клясаў у наступным годзе вучыцца па-беларуску, Сьвятлана Босая адказала:

(Босая: ) "Так, калі клясы будуць поўныя. Калі не, то будзем глядзець, што прапанаваць бацькам і дзецям. Бо нельга пакінуць клясы, калі ў іх ня будзе дастатковае напаўняльнасьці. Маем грошы на пэўную колькасьць выкладчыкаў і вучняў, то трэба іх так, як належыць, выкарыстоўваць. А мы што робім? Дзесяць-дванаццаць чалавек у гэтых клясах, а ў іншых — дваццаць-трыццаць... Ну як гэта разумець?"

А вось як на маю просьбу пракамэнтавала сытуацыю старшы інспэктар Міністэрства адукацыі Тамара Саўчук:

(Саўчук: ) "У нас у дзяржаве ў Законе аб адукацыі запісана, што дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця беларускае мовы. Людзі гэтыя хлеба ня просяць, яны просяць навучаньня на беларускай мове... І невядома, як растлумачыць дадзеную сытуацыю... Таму Міністэрства адукацыі прыкладзе ўсе намаганьні, каб гэтую практыку забараніць. Гэтага не павінна быць".
XS
SM
MD
LG