Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАЦЯГВАЮЦЦА СУДЫ НАД ЗАТРЫМАНЫМІ ЎДЗЕЛЬНІКАМІ АКЦЫІ 19 КРАСАВІКА


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Руслан Казадаеў першай разглядаў адміністрацыйную справу Любові Кучынскай, але з прычыны няяўкі ў суд сьведкаў-амонаўцаў перанёс разгляд на заўтра.

Лявон Садоўскі пакараны арыштам. Паколькі ён быў пры затрыманьні моцна зьбіты, уначы "хуткая дапамога" са спэцпрыёмніка адвезла яго ў шпіталь. Паколькі пераломаў у яго ня выявілі, то адпусьцілі дахаты. Двойчы міліцыянты прыходзілі да яго, каб адвезьці ў спэцпрыёмнік, але ён адмаўляўся. У панядзелак Лявон Садоўскі сам прыйшоў у суд. Судзьдзя вымушаны быў вярнуць міліцыянтам пратакол, каб тыя аформілі яго належным чынам. Сёньня судзя Руслан Казадаеў абвясьціў, што паколькі Лявон Садоўскі ня ўтрымліваўся разам з астатнімі затрыманымі ўдзельнікамі шэсьця ў спэцпрыёмніку, то будзе сядзець дзевяць з паловай сутак. Лявон Садоўскі пракамэнтаваў прысуд для Радыё Свабода ў судовай залі суду Савецкага раёну:

(Садоўскі: ) "Па-мойму, розьніцы няма — ці пятнаццаць, ці дзесяць, ці пяць сутак. Тое, што парушаецца заканадаўства, Канстытуцыя, калектыўныя дамовы, для людзей становіцца нормай. Калі Лукашэнка кажа, што ён ствол улады, а астатнія — галінкі, дык чаго ж чакаць? Па тым, якія прысуды былі да мяне, 5, 10 і 15 сутак, можна зрабіць выснову, што ўлады запалохваюць людзей, каб ня йшлі на Чарнобыльскі шлях 26 красавіка. Дарэчы, гэта будзе першы Чарнобыльскі шлях, у якім я не вазьму ўдзелу. Я вельмі шкадую аб гэтым".

Такім чынам, гэта ўжо 34-ы арыштаваны ўдзельнік дэманстрацыі 19 красавіка.
XS
SM
MD
LG