Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕЖНЫЯ НАВУКОЎЦЫ ПАТРАБУЮЦЬ ВЫЗВАЛІЦЬ ПРАФЭСАРА ЮРЫЯ БАНДАЖЭЎСКАГА


Алена Панкратава, Менск

25 красавіка ў швайцарскім Базэлі францускія і швайцарскія лекары арганізуюць прэм'еру фільма аб навуковай дзейнасьці гомельскага дасьледчыка. 26 красавіка у Жэнэве прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў ўручаць сваё пасланьне адмысловай Камісіі па правах чалавека пры ААН з патрабаваньнем вызваліць з турмы іхнага беларускага калегу.

У свой час гэтыя навукоўцы з Францыі, Швайцарыі, Новай Зэляндыі, Аўстраліі, Бразыліі, ЗША, іншых краінаў выступалі ў падтрымку зьняволеных Мандэлы, Сахарава, Нікіціна... Цяпер яны занепакоеныя лёсам беларускага прафэсара Бандажэўскага. Муж і жонка Саланж і Мішэль Фэрнэкс, абодва — прафэсары ў галіне радыялягічнай мэдыцыны, прадстаўляюць адначасна навуковы сьвет Швайцарыі і Францыі. Яны жывуць на француска-швайцарскай мяжы і працуюць у клініках абедзьвюх краінаў. З Бандажэўскім знаёмыя асабіста. Наведвалі ягоную лябараторыю, рабілі сумесныя навуковыя справаздачы ў часе міжнародных сымпозіюмаў. У інтэрвію Радыё Свабода прафэсэр Саланж Фэрнэкс сказала:

(Фэрнэкс: ) “Мы перакананыя, што Бандажэўскі належыць да тых нямногіх навукоўцаў, якія зрабілі найбольш аб'ектыўныя дасьледаваньні ў галіне ўзьдзеяньняў малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека. Пад ягоным кіраўніцтвам бліскуча абаранілі дысэртацыі 30 маладых навукоўцаў. Усе гэтыя дасьледаваньні важныя ня толькі для Беларусі, але і для Францыі, урад якой доўга хаваў ад насельніцтва праўду пра ўсю небясьпеку тых радыеактыўных чарнобыльскіх ападкаў, якія ў 1986-м годзе выпалі на краіну.

Нашыя францускія і швайцарскія калегі поўнасьцю падзяляюць канцэпцыю беларускага прафэсара і штодня пішуць лісты да беларускага прэзыдэнта з патрабаваньнем вызваліць Бандажэўскага. Гэты навуковец міжнароднага значэньня павінен як мага хутчэй вярнуцца да сваёй дасьледніцкай дзейнасьці і, што вельмі важна, да тых хворых, якім патрэбная ягоная медычная дапамога.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Фэрнэкс, я не магу не задаць вам у гэтым зьвязку пытаньня: ці атрымалі вы што-небудзь у адказ на свае лісты?”

(Фэрнэкс: ) “На жаль, усе мы атрымліваем аднолькавыя лісты зь беларускіх амбасадаў. Мы ня ведаем, ці належыць гэты тэкст беларускаму прэзыдэнту альбо камусьці іншаму, але там апошнім часам гаворыцца, што Бандажэўскі, сапраўды, добры навуковец, але, на жаль, крымінальнік.

Дарэчы, дзесьці год таму адказы мелі трохі іншы зьмест: Бандажэўскі і крымінальнік, і дрэнны навуковец. Цяпер выглядае на тое, што беларускія ўлады нібыта прызналі навуковую дзейнасьць Бандажэўскага. Аднак, паводле цяперашняй рэдакцыі, дзякуючы таму, што Бандажэўскі добры навуковец, ён атрымаў надзвычай мяккае пакараньне — 8 гадоў, а ня 20, як магло быць у падобным выпадку.

Мы ня ведаем ўсіх нюансаў беларускага правасудзьдзя, але мы перакананыя, што такія людзі не павінны знаходзіцца ў ГУЛАГу. Навукоўцы такога кшталту павінны працаваць, займацца сваімі дасьледаваньнямі, для гэтага ім неабходныя ўмовы, розныя тэхнічныя прылады. Такія людзі павінны атрымліваць добрае харчаваньне. Мы вельмі занепакоеныя тым, што у такой установе, як беларуская турма, з Бандажэўскім могуць адбыцца любыя непрадказальныя рэчы”.

Акрамя акцыяў, якія адбудуцца 25-26 красавіка з параўнальна невялікім прадстаўніцтвам эўарпейскіх навукоўцаў, 25 траўня ля будынку ААН ў Жэнэве будзе праведзеная вялікая імпрэза пад назовам "Свабоду Юрыю Бандажэўскаму". Гэтая акцыя першапачаткова была заплянаваная на 4-га траўня, аднак у зьвязку з тым, што прыехаць у Жэнэву пажадала вялікая колькасьць прадстаўнікоў антыядзерных ініцыятываў з розных краінаў сьвету, мерапрыемства перанесенае на тры тыдні пазьней.
XS
SM
MD
LG