Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ ПРАФЭСАРА ЮРЫЯ БАНДАЖЭЎСКАГА ЗЬВЯРНУЛІСЯ Ў КАМІТЭТ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ААН У ЖЭНЭВЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Паганяйла: ) "Усе нацыянальныя мэханізмы абароны ягоных правоў мы задзейнічалі. На жаль, яны не далі станоўчага выніку, і мы цяпер выкарыстоўваем міжнародныя мэханізмы. Спадзяюся, што справа Бандажэўскага будзе прынятая да разгляду ў Жэнэве, будзе прынятае станоўчае рашэньне, і тады ў Беларусі вымушаныя будуць перагледзець прысуд. Як раз паводле беларускага закону мы разьлічваем на апраўдальны прысуд, бо доказаў віны Бандажэўскага ў справе няма”.

Гары Паганяйла паведаміў, што скаргу ў Жэнэву адвакаты ўзгаднілі з прафэсарам Бандажэўскім.

Вядомы сваімі навуковымі працамі ў галіне аховы здароўя пацярпелых ад наступстваў Чарнобыля прафэсар Юры Бандажэўскі летась быў засуджаны на 8 гадоў турмы – паводле суду, за хабарніцтва. Абарона Бандажэўскага беспасьпяхова абскарджвала гэты прысуд ў вышэйшых судовых інстанцыях. Праваабаронцы лічаць, што перасьлед прафесара Бандажэўскага мае прыкметы палітычнага перасьледу. Сам Бандажэўскі зьвяртаўся на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні, ён пісаў, што яму трэба працягваць навуковую дзейнасьць, для чаго ён ня мае ўмоваў у турме. Гэты зварот, аднак, нічога не зьмяніў у лёсе вядомага навукоўца.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў, які 4 гады правёў у менскай калёніі, дзе цяпер знаходзіцца Бандажэўскі, назваў умовы ягонага ўтрыманьня жахлівымі.

(Клімаў: ) "Жахлівыя ўмовы. Што да мяне, я не разумею, як ягоная псыхіка ўвогуле гэта вытрымлівае. Бо ў яго працоўнага месца там няма. Адзінае, чым ён можа сябе заняць — гэта хадзіць ў бібліятэку. Але бібліятэка ў вельмі кепскім стане. Там халодна, дрэнна са сьвятлом. Колькі разоў я казаў яму не працаваць там, бо ў дадатак да іншых хваробаў ён сапсуе зрок, але ён адказвае, што адзіная для яго магчымасьць не звар'яцець — гэта працаваць, нешта пісаць”.

Андрэй Клімаў дадаў, што, апроч фізычных, Бандажэўскі церпіць ад псыхалягічных пакутаў як чалавек, якому складана знаходзіцца побач з сапраўднымі крымінальнікамі.

(Клімаў: ) "Стаўленьне да чалавека там таксама жахлівае. Грубае, зьняважлівае. У такіх умовах трымаць людзей са своесаблівай псыхікай — сапраўднае злачынства. Я ўжо не кажу пра харчаваньне ў турме. Язва страўніка, гастрыт — самыя распаўсюджаныя хваробы ў вязьняў, таму колькі пражывеш, як выйдзеш на волю — невядома".

Калі скаргу Бандажэўскага і ягоных адвакатаў задаволіць камітэт правоў чалавека ААН, міне яшчэ ня менш за год, цягам якога бакі будуць узгадняць розныя акалічнасьці. Потым, паводле міжнародных абавязкаў, узятых на сябе Беларусьсю, нацыянальны суд мусіць перагледзець справу. Праўда, абаронца Гары Паганяйла ня ведае выпадку, каб суд у Беларусі пагадзіўся зь юрыстамі з Жэнэвы і адмяніў раней прынятае рашэньне. І ўсё ж абаронца спадзяецца, што менавіта справа Бандажэўскага стане выняткам з гэтага сумнага правіла.
XS
SM
MD
LG