Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА. КАТАВАНЬНІ Ў БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ — ЯК ГЭТА АДБЫВАЕЦЦА І ЧАМУ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Зінаіда Ганчар: ) "Зьвязалі яму рукі, уключылі громка музыку і пачалі... Гэта чуў Барыс Гюнтэр, які таксама разам зь Віктарам сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна, чулі й іншыя людзі. Потым Віця мне распавёў, што калі загучала музыка, яму прымусова праз трубку ўвялі глюкозу і гэтак вывелі яго з галадоўкі. Супраціўляцца ён ніяк ня мог, бо рукі былі зьвязаныя. Гэта было самае сапраўднае катаваньне, сапраўдны гвалт. Ад яго я даведалася, што ў іх там такая звычка — калі зьбіваюць ці што робяць зь людзьмі, то для прыкрыцьця ўключаюць адмыслова музыку, і за гэты час робяць сваю справу".

Гэтак, расказвае Зінаіда Ганчар, абыходзіліся ў менскім ізалятары зь яе мужам Віктарам Ганчаром. Калі з намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету гэтак абыходзіліся ў ізалятары, то што казаць пра правы простага чалавека, які трапляе ў турму?

Паводле праваабаронцаў, сёньняшняя сытуацыя ў параўнаньні з той, што была ў 1999 годзе, пра які згадвала Зінаіда Ганчар, ні ў чым не зьмянілася да лепшага, а ў пэўным сэнсе і пагоршылася. Зразумела – уладам не ўдаецца паставіць заслону свавольствам горшай часткі турэмных вартаўнікоў, больш таго, злачынныя дзеяньні міліцыянтаў у дачыненьні да зьняволенных звычайна ўтойваюцца, а вінаватых шукаюць на процілеглым баку.

Пра гэта сьведчыць прыклад судовага працэсу над вязьнямі-падлеткамі, што цяпер праходзіць у Віцебску. Распавядае наша карэспандэнтка Браніслава Станкевіч:

(Станкевіч: ) "Паўстаньне зьняволеных адбылося ў ноч з 5 на 6 студзеня мінулага году. Аднак яшчэ задоўга да паўстаньня зьняволеныя падлеткі і іхныя бацькі кожныя сваім шляхам спрабавалі прыцягнуць увагу высокіх інстанцыяў да ўнутраных праблемаў Віцебскай калёніі. Дарослыя пісалі скаргі ў Міністэрства ўнутраных справаў, а непаўналетнія хлопцы дэманстрацыйна рэзалі сабе вены на руках”.

Да суду прыцягнулі толькі сем чалавек, якіх абвінавачваюць у арганізацыі забурэньняў і непадпарадкаваньні кіраўніцтву калёніі. Але абаронца аднаго з абвінавачаных лічыць, што не задаволеных паводзінамі кіраўніцтва было значна болей і прычыны гэтай незадаволенасьці сур'ёзныя:

(Абаронца: ) “Я мяркую, што прычыны былі. Пакуль што я ня маю права распавядаць усё падрабязна, але з матэрыялаў справы вядома, што патрабаваньні каляністаў звадзіліся да таго, каб кіраўніцтва зрабіла хаця б якую палёгку ў рэжыме".

З расповедаў сьведак высьветліліся жорсткія падрабязнасьці. Мала што выхавацелі зьбівалі каляністаў, зь ведама адміністрацыі калёніі ў двары была ўсталяваная жалезная клетка, дзе асуджаным на пакараньне даводзілася праводзіць да паўсутак на марозе.

Расповед пра жалезную клетку, у якой на марозе трымалі падлеткаў, я папрасіў пракамэнтаваць вядомага актывіста арганізацыі "Зубр" Аляксея Шыдлоўскага, які больш за два гады правёў у сьледчых ізалятарах і турмах Беларусі. Аляксей падзяліў практыку катаваньняў зьняволеных на дзьве часткі — гэта маральныя і фізычныя катаваньні. Першыя немагчыма зафіксаваць дакумэнтальна, але ад таго яны не становяцца менш адчувальнымі.

Паводле Шыдлоўскага, існуе цэлая сыстэма адпрацаваных захадаў па маральным прыніжэньні вязьняў, гэта найперш пагроза гвалту з адпаведным паніжэньнем статусу зьняволенага. Што да фізычных катаваньняў, то ў арсэнале беларускіх катаў ня толькі банальнае зьбіцьцё:

(Шыдлоўскі: ) "Бывала, што выводзілі ўсю камэру на калідор і з-за аднаго вінаватага зьбівалі ўсіх. Гэта ў асноўным было ў Жодзіна, прычым так бывала некалькі разоў на тыдзень. Зьбівалі без усялякіх падставаў. Альбо такое катаваньне — напускалі ў камэры ледзь не па калена халоднай вады, трэба было вычэрпваць кубкамі ваду ва ўнітаз. Улічваючы, што ў беларускіх карцэрах звычайна тэмпэратура блізкая да нуля ці ніжэй нуля, гэта таксама можна лічыць катаваньнем, бо 10 дзён пратрымацца ў абсалютным холадзе безь бялізны, у адной кашулі і ў штанах, пры тым што не даюць днём ні прысесьці ні прылегчы, гэта даволі цяжкае выпрабаваньне, і многіх яно ламала".

Працяг успамінаў актывіста маладзёвай арганізацыі"Зубр" Аляксея Шыдлоўскага прагучыць у наступнай перадачы. Як жа сталася, што пры існаваньні быццам незалежнай судовай сыстэмы ў Беларусі магчыма застацца непакараным за катаваньні падлеткаў?

Канстытуцыя Беларусі гарантуе недатыкальнасьць асобы і, у прыватнасьці, забараняе катаваньні, а таксама бязьлітаснае, антыгуманнае або зьняважлівае абыходжаньне зь вязьнямі. Што да дазволу на ўжываньне фізычнай сілы супрацоўнікамі турмаў і сьледчых ізалятараў, то законам гэта абмежавана выпадкамі яўнага фізычнага супраціву з боку вязьняў.

Пры канцы пра галоўную навіну тыдня ў справах зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Падчас візыту ў Менск дэлегацыя Сацыялістычнага інтэрнацыяналу заявіла пра падтрымку гэтай уплывовай арганізацыяй ідэі стварэньня міжнароднай камісіі для расьсьледаваньня таямнічых зьнікненьняў у Беларусі. Нагадаю, ідэі стварэньня незалежнай камісіі больш за паўгоду, але яна не рэалізуецца з прычыны адмовы беларускага боку.
XS
SM
MD
LG