Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ МІЛІЦЭЙСКАГА ІЗАЛЯТАРУ ВЫПУСЬЦІЛІ ЖУРНАЛІСТАЎ АНДЖЭЯ ПІСАЛЬНІКА І СТАНІСЛАВА ПАЧОБУТА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

За краты трапілі шэсьць чалавек. Найбольшым тэрмінам — дзесяцьцю суткамі арышту пакаралі двух. Сёньня іх выпусьцілі паасобку.

Першым апынуўся на волі Анджэй Пісальнік — карэспандэнт газэты "День".

(Пісальнік: ) “Стас вытрымаў дзесяць сутак галадоўкі. Кажа, што добра сябе адчувае. Мы назіралі за ім усе дзесяць сутак. Трымаецца, бадзёры духам. Я лічу, што з усіх нас ён самы такі чалавек, які адстаяў прынцыпы яшчэ ў гэтым. Аб'явіць галадоўку і вытрымаць дзесяць сутак, для мяне — гэта ўчынак”.

На мінулым тыдні галоўны рэдактар "Пагоні" Мікола Маркевіч наведаў ізалятар. Яму ўдалося сустрэцца са Станіславам Пачобутам, каб папрасіць яго спыніць галадоўку. Аднак той адмовіўся. Гаворыць сам галадоўшчык:

(Пачобут: ) “Нічога новага я для сябе не адкрыў. Там усё па-старому, нічога не зьмянілася. Толькі што стаўленьне да нас было крыху іншае. Таму што ставіліся, як да журналістаў. Міліцыянэры паміж сабой гаварылі: зрабі тое, зрабі тое. Або ты хочаш каб пра цябе цэлую бачыну ў газэце выпусьцілі, што ты дрэнна ставішся да людзей?

Нельга прымірацца з тым, што цябе садзяць за нейкія ўчынкі, якія ты лічыш нармалёвымі. Для свабоднага чалавека. І калі ты з гэтым будзеш зьмірацца, яны будуць садзіць за ўсё. А калі яны бачаць, што чалавек не здаецца нават там, тады яны ставяцца да цябе зусім інакш. Зусім інакш з табой размаўляюць. Таму што яны бачаць, што перад імі свабодны чалавек”.

Станіслаў Пачобут, журналіст газэты "Навінкі", галадаў дзесяць дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага райаддзелу міліцыі Горадні. Дарэчы, ён двойчы на працягу пяці дзён удзельнічаў у пікетах у падтрымку калегаў з "Пагоні". Першым разам атрымаў папярэджаньне. Другім — дзесяць сутак арышту.
XS
SM
MD
LG