Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЮРЫ ХАДЫКА АБВЯСЬЦІЎ ГАЛАДОЎКУ


Валер Каліноўскі, Горадня

Юры Хадыка прыехаў у Ленінскі раённы суд бяз позвы. Яшчэ пасьля затрыманьня 24 сакавіка ён паабяцаў гарадзенскай міліцыі, што сам прыедзе на суд пасьля сваёй камандзіроўкі ў Прагу. І выканаў абяцаньне. Гарадзенскія ж праваахоўчыя органы, паводле перакананьня спадара Хадыкі, не выконвалі закон падчас разгляду справы аб ягоным удзеле у несанкцыяванай акцыі на Дзень Волі. У прыватнасьці, міліцыянт, які выступаў сьведкам, прысутнічаў на ўсёй папярэдняй частцы суду ў зале паседжаньняў. Паказаньні сьведкаў з боку Юрыя Хадыкі суд увогуле ня браў у разьлік. Гаворыць Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Я глыбока перакананы, што мэтаю гэтага суду было запалохаць грамадзянаў, запалохаць адначасна менчукоў, каб не прыяжджалі ў Горадню. Калі дапытвалі першага міліцэйскага капітана, у яго была вельмі характэрная агаворка: ён сказаў, што яны затрымлівалі тых, хто выступаў. А гэта азначае, што ніякай мэты акрамя падаўленьня свабоды слова, свабоды інфармацыі 24 сакавіка не было. Ідзе сьвядомае падаўленьне хвалі актыўнасьці, якая пачынаецца ў нас, як вядома, заўсёды на Захадзе”.

Так супала, што ў гэтым жа Ленінскім судзе Горадні днямі праходзілі адміністрацыйныя суды над затрыманымі незалежнымі журналістамі, а сёньня павінен быў пачацца крымінальны працэс над Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам. Гэтая хваля рэпрэсій павінна пераканаць усясьветную супольнасьць у тым, што рэжым у Беларусі не зьмяніўся, лічыць Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “І ўсе гэтыя затрыманьні, і прысуд у справе Маркевіча і Мажэйкі, які, як я думаю, будзе ня менш "літасьцівым", павінны пасьлядоўна і настойліва выкарыстоўвацца, каб растлумачыць АБСЭ, і найперш нямецкім сацыял-дэмакратам, што ўсе гэтыя тактыкі пакрокавага зьмякчэньня рэжыму — нішто іншае, як паўтарэньне памылкі, якую зрабіў брытанскі прэм'ер Чэмбэрлен у дачыненьні да Гітлера.

Юры Хадыка ўпэўнены, што ўсімі гэтымі працэсамі кіруе абласная гарадзенская вэртыкаль. Ён упэўнены і ў сваёй невінаватасьці. На знак пратэсту супраць незаконнага прысуду ён ужо ў судзе абвясьціў галадоўку. 64-гадовы Юры Хадыка ня так даўно перанёс вельмі сур'ёзную хваробу. Але ягоная жонка Валянціна падтрымлівае яго ў гэтым пратэсьце:

(Валянціна Хадыка: ) “Вядома, я хвалююся за стан здароўя свайго мужа. Але лічу, што інакш змагацца з гэтым рэжымам, як паказваць нашую перавагу перад ім, немагчыма. І я ў гэтым свайго мужа падтрымліваю”.

Адвакат Юрыя Хадыкі Сяргей Цурко зазначыў, што рашэньне суду цалкам незаконнае:

(Цурко: ) “Законная працэдура пры прызнаньні вінаватым спадара Хадыкі была цалкам парушаная. Паводле Канстытуцыі і міжнародных абавязкаў Беларусі, міжнароднага пакту па грамадзянскіх і палітычных правах, кожны грамадзянін, у тым ліку і Юры Хадыка, маюць права выказваць свае думкі на сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях. І ўлады ня могуць гэта забараняць”.

Адвакат Сяргей Цурко паведаміў, што гэтае рашэньне ўжо абскарджанае ў Гарадзенскім абласным судзе.
XS
SM
MD
LG