Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў ГОРАДНІ ПАЧНЕЦЦА СУД НАД ГАЛОЎНЫМ РЭДАКТАРАМ ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ” І КАРЭСПАНДЭНТАМ ГЭТАГА ВЫДАНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лілія Ананіч сёньня правяла прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой выказала сваю меркаваньне з нагоды пачатку судовага працэсу над журналістамі Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам. Гаворыць Лілія Ананіч:

(Ананіч: ) "Відаць, не нармальна тое, што сёньня ў СМІ друкуецца інфармацыя, якая ёсьць падставай для таго, каб улады выносілі жорсткія рашэньні. Натуральна гэта дрэнна, калі судзяць журналістаў. Але давайце гаварыць пра два бакі аднаго мэдаля: свабода й адказнасьць. Лічу, што заканадаўства аб друку — гэта заканадаўства для ўсіх, як дзяржаўных, так і недзяржаўных выданьняў. І яно павінна няўхільна выконвацца".

Пры гэтым Лілія Ананіч дадала, што прадстаўнікі міністэрства інфармацыі ня будуць назіраць за гэтым судовым працэсам.

А тое, што некаторыя выданьні атрымліваюць папярэджаньні, на думку Ліліі Ананіч, ёсьць нармальнай практыкай. Так, нядаўна Міністэрства інфармацыі папярэдзіла газэту "Народная воля", якая перадрукавала матэрыял карэспандэнта нашага радыё пра адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыі. Чыноўнікі ўгледзелі ў гэтым матэрыяле абразу гонару й годнасьці Лукашэнкі.

Спадарыня Ананіч таксама ня лічыць парушэньнем закону пра СМІ нядаўнюю ліквідацыю беларускамоўнай газэты "Чырвоная змена". Паводле чыноўніцы, гэта адбылося выключна з прычыны цяжкога фінансавага становішча "Чырвонай змены". Аднак ліквідаваць іншыя непрыбытковыя выданьні міністэрства інфармацыі пакуль не зьбіраецца.

Вось як пракамэнтавала гэтыя выказваньні прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) "Я таксама цалкам згодная зь Ліліяй Станіславаўнай, што ў журналістаў павінна быць пачуцьцё адказнасьці. Але на сёньняшні дзень сытуацыя, якая адбываецца ў Горадні... Журналістам недзяржаўных СМІ ў чарговы раз прадэманстравалі гэтымі арыштамі, затрыманьнямі й штрафамі, хто менавіта ў нашай дзяржаве рэглямэнтуе свабоду слова. Мне падаецца, што ўлада проста спрабуе ў чарговы раз пазбавіць грамадзянаў сваёй краіны аб'ектыўнай, дакладнай інфармацыі".

На яе думку, і папярэджаньне "Народнай волі", і закрыцьцё "Чырвонай змены", і тое, што міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны дагэтуль ня выканаў сваё абяцаньне накіраваць праект новага закону пра СМІ на экспэртызу ў Раду Эўропы, ёсьць зьвёнамі аднаго ланцугу. Галоўная мэта гэтай кампаніі, на думку спадарыні Літвіной, узяць пад поўны дзяржаўны кантроль інфармацыйную прастору Беларусі.

З заявамі пратэсту супраць парушэньня правоў журналістаў у Горадні сёньня выступілі БАЖ, вядомыя ў Беларусі палітыкі й грамадзкія дзеячы, а таксама міжнародныя журналісцкія арганізацыі.
XS
SM
MD
LG