Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСЛАЎ МІЛАШ ПАДТРЫМАЎ ЖУРНАЛІСТАЎ ГАРАДЗЕНСКАЙ “ПАГОНІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Даведваючыся пра перашкоды, зь якімі вы сутыкаецеся ў часе выкананьня сваіх прафэсійных абавязкаў, дасылаю ўсяму рэдакцыйнаму калектыву “Пагоні” словы павагі і ўдзячнасьці за вашую вытрымку. Я хацеў бы, каб пра вашае змаганьне за свабоду слова даведаліся і ў іншых краінах Эўропы.

Беларусь, незалежна ад межаў НАТО ці Эўрапейскага Зьвязу, ёсьць часткай Эўропы, і што б там ні рабілася, гэтых падзеяў ня можа пакінуць без увагі ніводзін жыхар нашага кантынэнту. Я перакананы, што справа, якой вы служыце, рана ці позна пераможа, і што гэтая справа будзе важнай для ўсіх грамадзянаў Беларусі”, – напісаў у сваім звароце да журналістаў “Пагоні” нобэлеўскі ляўрэат паэт Чэслаў Мілаш.

Заяву ў справе перасьледу незалежнай прэсы ў Беларусі ў выдала таксама канцылярыя прэзыдэнта Рэспублікі Польшча. У заяве, якая была падрыхтаваная на выходных, гаворыцца:

“Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы выказвае глыбокую занепакоенасьць рэпрэсіямі беларускіх уладаў супраць незалежнай газэты “Пагоня”. Абвінавачаньні, высунутыя супраць журналістаў “Пагоні”, маюць выключна палітычны характар. Судовы працэс такога кшаталту выразна супярэчыў бы стандартам свабоды, дэмакратыі й законнасьці. Польшча, якая прайшла цяжкі шлях ад таталітарызму да дэмакратыі й распачала дэмакратычныя перамены ў Цэнтральнай Эўропе, адчувае асаблівую адказнасьць за павагу дэмакратычных вартасьцяў. Горадня знаходзіцца вельмі блізка ад польскай мяжы, і мы не павінны быць абыякавымі да кепскіх палітычных завядзёнак, якія абмяжоўваюць правы нашых суседзяў”, – гаворыцца ў заяве адміністрацыі польскага прэзыдэнта.

“Gazeta Wyborcza” падае таксама меркаваньне супрацоўніка Расейскай службы Радыё Свабода Віталя Портнікава, які зьвяртае ўвагу на тое, што ў “саюзнай” Расеі ніхто не зьвяртае ўвагі на справу “Пагоні”, акрамя ПЭН-клюбу. “Рэагаваць, здаецца, найперш павінны расейцы, бо іх краіна мае фармальны саюз зь Беларусьсю. Аднак на справе бачна, што падзеі ў Беларусі не турбуюць расейцаў. Для іх зьвяз зь Менскам ёсьць толькі лекам вялікаімпэрскай хваробы”, – адзначае Віталь Портнікаў.

Сёньня “Gazeta Wyborcza” ізноў друкуе купон з тэкстам звароту да беларускіх уладаў супраць перасьледу “Пагоні”. Газэта заклікае чытачоў падпісваць гэты зварот ды дасылаць у беларускую амбасаду ў Варшаве.

Беларусы Беласточчыны таксама сочаць за падзеямі ў Горадні. Гаворыць галоўны рэдактар беларускага тыднёвіка “Ніва” Віталь Луба:

(Луба: ) “Мы ўвесь час сочым за тым, што дзеецца з “Пагоняй” – і інфармуем пра гэта сваіх чытачоў. Напярэдадні мы зьмясьцілі інтэрвію з Маркевічам. Карыстаемся таксама электронным выданьнем “Пагоні”.
XS
SM
MD
LG