Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЦЬКІ ЗАГІНУЛЫХ НА НЯМІЗЕ ДЗЯЦЕЙ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ СПЫНЕНЬНЯ КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ НА ВЫСОКІХ МІЛІЦЭЙСКІХ ЧЫНОЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік “Прававой дапамогі насельніцтву” Алег Воўчак і старшыня цэнтру сацыяльнай абароны “Няміга-99” Натальля Навакоўская правялі прэсавую канфэрэнцыю, нагодай для якой стала спыненьне судом Цэнтральнага раёну Менску крымінальнай справы супраць намесьніка начальніка менскай міліцыі грамадзкай бясьпекі Віктара Русака й ягонага былога падначаленага Міхаіла Кандраціна, якія адказвалі за парадак у той вечар, калі на Нямізе адбылася трагедыя.

Судзьдзя Пётар Кіркоўскі спыніў гэтую справу з прычыны сканчэньня тэрміну даўнасьці, папярэдне даўшы ёй паводле новага Крымінальнага кодэксу больш мяккую кваліфікацыю — службовая нядбайнасьць, у выніку якой не было чалавечых ахвяраў. Таксама, на думку судзьдзі, дзеяньні спадароў Русака й Кандраціна не ўяўляюць грамадзкай небясьпекі. Гэты факт, а таксама тое, што ў суд не былі запрошаныя бацькі загінулых дзяцей, і выклікаў у іх найбольшае абурэньне. Гаворыць Натальля Навакоўская, у якой на Нямізе загінула 16-гадовая дачка:

(Навакоўская: ) "Вось такую пастанову нам прыслалі. Мы, калі яе атрымалі, спачатку былі ў шоку. Бо нам ніхто нічога не паведаміў, што гэты суд увогуле ўжо прайшоў і тое, што гэта не ўяўляе грамадзкай небясьпекі, і што за даўнасьцю..."

Бацькі таксама вельмі абураныя, што самі ня могуць абскардзіць рашэньня судзьдзі Кіркоўскага: пратэст у гэтай справе можа падаць толькі пракуратура.

Кіраўнік сьледчай групы пракуратуры Беларусі Валер Кудзін, які прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі, таксама быў вельмі зьдзіўлены судовым рашэньнем:

(Кудзін: ) "Я лічу, што дзеяньні паводле 168 артыкула былі кваліфікаваныя слушна. Таму мы прад'яўлялі абвінавачаньне па гэтым артыкуле, які прадугледжвае адказнасьць за нядбайнасьць да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Я з павагай стаўлюся да суду ўвогуле, і да кожнага судзьдзі асобна, у тым ліку й да Кіркоўскага, якога я ня ведаю. Ягоныя аргумэнты мне не зразумелыя. Я й пасьля рашэньня гэтага суду лічу, што мы зрабілі слушна".

Бацькі загінулых дзяцей і праваабаронца Алег Воўчак ужо накіравалі лісты да генпракурора Віктара Шэймана, старшыні менскага гарадзкога суду Міхаіла Ардзякі й пракурора Цэнтральнага раёну Менску, з просьбай апратэставаць рашэньне судзьдзі Кіркоўскага ды пачаць новае судовае разьбіральніцтва.

Паводле Алега Воўчака, бацькі загінуўшых ня хочуць пасадзіць за краты міліцэйскіх чыноў, яны хочуць, каб улады ўрэшце прызналі, што ў няміскай трагедыі ёсьць канкрэтныя вінаватыя.

Бацькі таксама патрабуюць ад Менгарвыканкаму, гарадзкой міліцыі і ад арганізатараў канцэрту выплаціць ім маральную кампэнсацыю за загінулых дзяцей.
XS
SM
MD
LG