Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА 100 ЖЫХАРОЎ МЕНСКАГА МІКРАРАЁНУ ПАЎДНЁВЫ ЗАХАД ЗАСТУПІЛІСЯ ЗА ГРАМАДЗЯНАЎ, ЯКІХ СПРАБАВАЎ ЗАТРЫМАЦЬ МІЛІЦЭЙСКІ ПАТРУЛЬ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле сьведкаў, інцыдэнт пачынаўся даволі тыпова для гарадзкога мікрараёну, але скончыўся нестандартна. Дзясяткі сьведкаў інцыдэнту заступіліся за тых, каму ужо наканавана было патрапіць у пастарунак, і, больш за тое, дамагліся іхнага вызваленьня. А патрульных міліцыянтаў, якія гэтак разгнявілі людзей, давялося літаральна выратоўваць амонаўцам, якіх выклікалі на дапамогу.

Сьведкі кажуць, што трое мужчын, да якіх прычапіўся патруль, нікому не перашкаджалі. Але, аказваецца, калі ты проста стаіш ля ганку крамы, гэта не гарантыя, што цябе не пацягнуць у пастарунак. Распавядае сьведка падзеяў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Антончык:

(Антончык: ) "Выйшлі з бару "Валгаградзкага" і стаялі, размаўлялі, добра апранутыя людзі. А міліцыянты праходзілі і пацягнулі іх у апорны пункт. Тыя кажуць: "А што мы зрабілі? Стаім жонак чакаем, жонкі ня выйшлі з крамы". І пасьля гэтага міліцыянты на іх накінуліся, як накідваюцца на лідэраў апазыцыі падчас вулічных акцыяў. А людзей вакол было шмат, бо побач жа прыпынак, і ў краму людзі туды-сюды ходзяць.

Мы таксама як убачылі, што адбываецца, то спыніліся. І людзі атачылі гэтых міліцыянтаў, а тыя, як пабачылі, што іх меншасьць, выклікалі па рацыі дапамогу. Але і дапамога як прыехала, то не дала рады, бо натоўп раззлаваўся і гэтыя 40 — 50 міліцыянтаў спужаліся. Ня будзеш жа зьбіваць жанчын, мужыкоў ды пэнсіянэраў. І тады ўжо прыехалі кіраўнікі, маёр ды падпалкоўнік, сталі прасіць у людзей прабачэньня, маўляў, мы разьбярэмся, толькі адпусьціце нашых супрацоўнікаў".

Словы Сяргея Антончыка пацьвярджае ягоная жонка Тамара, якая таксама назірала за інцыдэнтам. Яна згадвае, што міліцыянты былі з сабакам без намордніка, беспадстаўна ўжылі супраць затрыманых сілу, у тым ліку сьлезацечны газ. Паводле яе словаў, людзі западозрылі патрульных міліцыянтаў у тым, што тыя былі нецьвярозыя, і дамагліся, каб яны прайшлі экспэртызу. Праўда, экспэртыза не паказала, што патруль быў нападпітку. Пра гэта мне сёньня заявіла супрацоўніца прэсавай службы гарадзкой міліцыі Натальля Лапо. Яна ўвогуле абвергла большасьць зьвестак пра ўчорашні інцыдэнт ля ўнівэрсаму "Валгаград".

(Лапо: ) "Такога інцыдэнту, як сьцьвярджаюць, не было. Нецьвярозы дзядзька вырашыў выкарыстаць у якасьці прыбіральні прыпынак гарадзкога транспарту, гэта убачыў патруль і паспрабаваў адвесьці яго ў пункт аховы парадку. Дзядзька быў супраць, яму памагалі два ягоныя сябры, гэтаксама нападпітку. Сабраліся людзі. Але на гэтым інцыдэнт быў вычарпаны. Праверка паказала, што патруль дзейнічаў правільна, а на парушальніка складзены пратакол".

Супрацоўніца гарадзкой міліцыі выказала меркаваньне, што ўчорашні інцыдэнт у пэўнай ступені быў справакаваны зьвесткамі пра нядаўнія судовыя працэсы над міліцыянтамі, якія беспадстаўна зьбівалі затрыманых. Аднак Натальля Лапо ня можа пагадзіцца, што прэтэнзіі да асобных супрацоўнікаў міліцыі варта распаўсюджваць на ўсіх яе калегаў. "Усё роўна тыя ж людзі да нас звяртаюцца па дапамогу" — заявіла спадарыня Лапо. На маю просьбу назваць статыстыку пакараньня патрульных міліцыянтаў за перавышэньне іхных паўнамоцтваў, яна адказала, што ня ведае такіх выпадкаў.

Між тым, паводле дадзеных міністэрства ўнутраных справаў, толькі за мінулы год за службовыя парушэньні было пакарана звыш тысячы міліцыянтаў. Некалькі дзясяткаў зь іх звольненыя зь міліцыі і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Але гэта, паводле незалежных крыніцаў, ня больш за чвэрць выпадкаў, калі міліцыянты парушалі закон.
XS
SM
MD
LG