Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 СУТАК АРЫШТУ ЗА СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ ВОЛІ — ТАКІ ПРЫСУД ВЫНЕС ЦЭНТРАЛЬНЫ СУД МЕНСКУ ЦІМАФЕЮ ДРАНЧУКУ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Тацяна Паўлючук, якая разглядала адміністрацыйную справу Цімафея Дранчука, пасьля апытаньня сьведкаў і прагляду відэастужкі выйшла з залі — пісаць судовую пастанову. Тым часам Цімафей вырашыў не чакаць абвяшчэньня прысуду і выйшаў з суду праз галоўны ўваход. Міліцыянты, якія дзяжурылі ў двары, толькі праз паўгадзіны заўважылі, што іх паднагляднага няма ў будынку. Судзьдзя зачытала прысуд — 10 сутак арышту — але абвінавачанага ўжо не было.

Мы зьвязаліся зь Цімафеем па мабільным тэлефоне. Ён пракамэнтаваў Радыё Свабода свой учынак:

(Дранчук: ) "Было відавочна, што судзьдзя схіляецца да таго, каб вынесьці прысуд — адміністрацыйны арышт. Я чакаў, што мне будзе 10 альбо 15 сутак, бо судзьдзя ігнаравала паказаньні сьведкаў з майго боку, але давярала паказаньням сьведкаў-амонаўцаў. Таму я зразумеў, што прысуд у любым выпадку будзе такі, які загадаюць даць судзьдзі Паўлючук. Я ня стаў чакаць прысуду й сышоў з будынку суду.

Лічу, што такі жорсткі прысуд абумоўлены тым, што я зьяўляюся падпісантам заяўкі на акцыю "Маршу пратэсту" 19 красавіка. Такім чынам улады намагаюцца спыніць падрыхтоўчы пратэст гэтай акцыі. Я буду рыхтавацца, і акцыя пройдзе".

Зьмітра Бандарэнку судзьдзя пакарала штрафам у 20 мінімальных заробкаў (гэта 200 000 рублёў). Яму слова:

(Бандарэнка: ) "Безумоўна, суд ня мог цалкам апраўдаць мяне, таму што я адбыў ужо суткі на Акрэсьціна пасьля затрыманьня. Вельмі сьмешныя доказы, стандартныя доказы міліцыянтаў. Тут казалі пра фотадоказы. А фатаграфія была зробленая на другім баку праспэкта, там, дзе шэсьця не было. І вось гэты здымак ёсьць доказ сьледзтва..."

На думку сакратара руху "Зубр" Аляксандра Атрошчанкава, судовыя прысуды сьведчаць пра пачатак кампаніі рэпрэсіяў з боку ўлады супраць моладзі.

(Атрошчанкаў: ) "Затрыманьне Дранчука й Бандарэнкі, якія зьяўляюцца арганізатарамі акцыі 19 красавіка — гэта правакацыя, накіраваная на зрыў "Маршу пратэсту". Нагадаю, што лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, які заявіў, што Малады Фронт падтрымае акцыі пратэсту, таксама атрымаў 15 сутак за гэтае шэсьце. Мы лічым, што рэпрэсіі за "Марш пратэсту" пачаліся ўжо сёньня. Зноў ціск на моладзь, якая больш актыўна паводзіць сябе на вулічных акцыях пратэсту".
XS
SM
MD
LG