Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ЎДЗЕЛЬНІКАМ НЕСАНКЦЫЯНАВАНАГА ПІКЕТУ АБВЕШЧАНЫ ПАПЯРЭДЖАНЬНІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Удзельнікі пікету пратэставалі супраць перасьледу супрацоўнікаў "Пагоні". Праз 20 хвілінаў пікетоўшчыкаў затрымала міліцыя.

У канцы ўчорашняга дня судзьдзя Дземчанка разгледзеў справы ўсіх шасьцярых. Гэта настаўнік гісторыі Алесь Дзянісаў, студэнт Зьміцер Дулько, Станіслаў Пачобут — журналіст газэты "Навінкі", каваль Зьміцер Антаневіч, працаўнік аб'яднаньня "Азот" Павал Касьпяровіч і Ільля Пячынін, які нідзе не працуе.

Усе яны ніколі раней не прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці. Адметна таксама, што ніхто зь іх не адмаўляў сваёй віны, патлумачыўшы, што сьвядома пратэставалі супраць перасьледу журналістаў газэты "Пагоня".

Сёньня раніцай судзьдзя Дземчанка запрасіў хлопцаў у кабінэт і сказаў: "Усім — папярэджаньне. Наступным разам будуць арышты і штрафы".
XS
SM
MD
LG