Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ АБВЯСЬЦІЛА СЁНЬНЯШНІ ДЗЕНЬ АДЗІНЫМ ДНЁМ ПРАФСАЮЗНЫХ ДЗЕЯНЬНЯЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Адзіны дзень прафсаюзных дзеяньняў, як паведамілі нашаму Радыё ў Фэдэрацыі прафсаюзаў, стаў вынікам антыпрафсаюзнай палітыкі ўладаў. Забарона безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных складак і зьбядненьне насельніцтва справакавалі прафсаюзны пратэст.

Меркавалася, што гэты пратэст набудзе характар агульнанацыянальнай акцыі ў форме мітынгаў і пікетаў. У прыватнасьці, у Менску плянаваўся мітынг пратэсту. Але на мінулым тыдні большасьць сяброў прэзыдыюму Фэдэрацыі прыняла рашэньне замест мітынгу правесьці ў будынку Фэдэрацыі агульнагарадзкі сход. Вось што распавёў нашаму Радыё кіраўнік арганізацыйнай службы Фэдэрацыі Анатоль Лявіцкі:

(Лявіцкі: ) "Мы выбралі такую форму таму, што аберкаваньне становішча прафсаюзаў адбываецца з прадстаўнікамі ўлады. З тым, каб быў дыялёг. Таму што на плошчы цяжка наладзіць дыялёг".

(Карэспандэнт: ) "Ці атрымала яна масавую падтрымку шэраговых сяброў Фэдэрацыі, прафсаюзных актывістаў прамысловых прадпрыемстваў?”

(Лявіцкі: ) "Падтрымка ёсьць, і даволі значная".

(Карэспандэнт: ) "Як фармаваўся сьпіс удзельнікаў сёньняшняга сходу?"

(Лявіцкі: ) "Кожная нашая арганізацыя атрымала магчымасьць прывесьці столькі людзей, колькі жадае".

Удзел у сёньняшнім сходзе ў будынку Фэдэрацыі бярэ, у прыватнасьці, старшыня Менскай абласной арганізацыі Прафсаюзу работнікаў горнай, хімічнай і нафтавай прамысловасьці Кузьма Кашэўскі. Паводле ягоных словаў, ён пайшоў на сход толькі таму, што мусіць падпарадкавацца рашэньню прафсаюзнага кіраўніцтва. Насамрэч жа такая форма пратэсту, як падкрэсьліў спадар Кашэўскі, яго не задавальняе:

(Кашэўскі: ) "У сытуацыі, у якой мы апынуліся, гэтая форма зусім не адэкватная. Дзевятнаццаць прафсаюзаў, якія за горла трымаюць гэтага Вітко, замянілі адну акцыю на другую. І зараз я, хоць і хацеў бы на гэта рэагаваць зусім ня так, мушу таксама ў гэтым удзельнічаць. Мая першасная арганізацыя, якую ўсе называюць найлепшай у рэспубліцы, не ўхваляе такую форму пратэсту. Зьбяруцца, паразмаўляюць між сабою, тым і скончыцца".

Нэгатыўна ўспрымае пратэст у выглядзе прафсаюзнага сходу і лідэр гарадзкой арганізацыі менскіх настаўнікаў Анатоль Паўлаў:

(Паўлаў: ) "Ідэя мітынгу — абарона сацыяльных правоў работнікаў. І мы гэта ўхвалялі. І калі літаральна за некалькі дзён кіраўнікі заяўляюць, што зьмянілі форму акцыі, то гэта непрыемна. Тым больш, што нас падтрымліваюць прафсаюзы іншых краінаў. Сёньня мы, напрыклад, атрымалі паведамленьне ад калегаў з Расеі — прафсаюзу адукацыі Пецярбургу. Яны будуць пікетаваць консульства ў Санкт-Пецярбургу".
XS
SM
MD
LG