Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЕНСКІЯ СУДЫ ТРЫ ДНІ ЗАПАР ВЫНОСЯЦЬ ПАКАРАЛЬНЫЯ ПРЫСУДЫ СУПРАЦОЎНІКАМ МІЛІЦЫІ ЗА ПЕРАВЫШЭНЬНЕ СЛУЖБОВЫХ ПАЎНАМОЦТВАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Кастрычніцкі райсуд Менску пакараў начальніка крымінальнага вышуку Першамайскага РУУСу Уладзімера Крамсаева і ягоных падначаленых Сяргея Бурдыку, Алега Данчанку, Аляксандра Ярафеева, а таксама ўчастковага Мікалая Ліпскага да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі. Гэтыя міліцыянты доўгі час катавалі і калечылі людзей пад час допытаў.

Менскі раённы суд на тры гады абмежаваў волю былому лейтэнанту міліцыі Яроўскаму, які служыў у Заслаўі опэрупаўнаважаным. Ён пад час допыту зламаў хрыбет падазраванаму ў крадзяжы курткі.

Маскоўскі суд Менску пакараў сяржанта міліцыі Сяргея Малашэнку абмежаваньнем волі на два гады. Гэты міліцыянт летась беспадстаўна затрымаў супрацоўніка менскай раённай пракуратуры Андрэя Бельскага і моцна зьбіў яго ў дзяжурнай частцы міліцыі. Пасьля вынясеньня прысуду пацярпелы сьледчы пракуратуры Андрэй Бельскі распавёў Радыё Свабода:

(Бельскі: ) "Калі я выйшаў з аддзелу міліцыі і адышоўся на дваццаць мэтраў, спытаў у аднаго міліцыянта прозьвішча таго сэржанта, які мяне незаконна затрымаў. Замест гэтага міліцыянт паклікаў таго самага сэржанта Малашэнку.

Той зразумеў, што я магу падаць скаргу і гэта пацягне непажаданыя для яго наступствы. Ён адразу зрабіў мне падсечку. Я паваліўся на асфальт, моцна ўдарыўся галавой. Некалькі разоў сэржант Малашэнка мяне ўдарыў. Калі я падняўся, ён схапіў маю руку і заламіў яе за сьпіну, другой рукой сьціснуў маю шыю і пацягнуў зноў у пастарунак.

Там ён прымусіў мяне падпісаць заяву, што ў мяне няма прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі. Я зразумеў, што гэта адзінае выйсьце, бо ў іх была перавага ў колькасьці. Потым я зьняў пабоі і зьвярнуўся ў Маскоўскую пракуратуру".

Сьледчы Андрэй Бельскі так адказаў на пытаньне, чаму міліцыянты дазваляюць сабе зьбіваць людзей і як можна вырашыць гэтую праблему:

(Бельскі: ) "Супрацоўнікі патрульна-паставой службы сустракаюцца, як правіла, з так званымі "адкідамі грамадзтва" — бамжамі, п'яніцамі. Відаць, не вытрымліваюць нэрвы. Калі чалавек 10 гадоў адпрацаваў у ППС, яму ўжо ніякі псыхоляг не дапаможа. Вось гэтыя крымінальныя справы і прысуды магчыма будуць стрымліваць іх жаданьне біць чалавека. Яны павінны ведаць, што іх могуць пакараць, незалежна ад таго каго яны пабілі, ці супрацоўніка пракуратуры, ці проста грамадзяніна".

Усе гэтыя крымінальныя справы супраць міліцыянтаў аб'ядноўваюць дзьве агульныя рысы. Першая: усе гэтыя супрацоўнікі міліцыі катавалі людзей пад час допытаў, альбо каб іх запалохаць. Другая: ніводнага зь іх не прыцягнулі да адказнасьці менавіта за катаваньне. Усе яны асуджаныя толькі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. За гэта прадугледжанае значна мякчэйшае пакараньне.

Пракуратуры дасьледуюць яшчэ некалькі крымінальных справаў супраць супрацоўнікаў міліцыі. У хуткім часе іх таксама перададуць у суды.
XS
SM
MD
LG