Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮРЫ ВАРОНЕЖЦАЎ ДАБІВАЕЦЦА ВЯРТАНЬНЯ СВАЙГО ПРЫВАТНАГА АРХІВУ З КГБ


Казімер Яноўскі, Гомель

Асабісты архіў спадара Варонежцава складае больш як паўсотні кампутарных дыскетаў. Іх забралі летась супрацоўнікі УКГБ неўзабаве пасьля таго, як Варонежцаў быў прызначаны даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка. Адбылося гэта ў доме кіраўніка аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, дзе супрацоўнікі спэцслужбы зрабілі ператрус і канфіскавалі аргтэхніку. Распавядае Юрый Варонежцаў:

(Варонежцаў: ) “Зьвяртаўся я ў пракуратуру двойчы, у КГБ – пяць разоў, у тым ліку два разы – пісьмова. Аднак да цяперашняга часу не магу вярнуць свой архіў. Ён патрэбны мне для працы. Ёсьць у мяне адпіска з УКГБ за подпісам начальніка Цакуна і лісты з пракуратуры. Прычым пракуратура піша: так, дыскеты павінны быць вам вернутыя, але ў тым, што яны да гэтага часу знаходзяцца ў КГБ, яна ня бачыць ніякіх парушэнняў”.

На думку сп. Варонежцава, спэцслужбу мог зацікавіць зьмест архіву. У ім ёсьць зьвесткі і пра расейскіх палітычных лідэраў, і пра беларускіх першых асобаў пачатку 1990-х гадоў. Апроч таго, там утрымліваецца інфармацыя пра асобных палітыкаў, блізкіх да цяперашніх уладных структураў Беларусі.

Якім жа чынам грамадзяніну дамагацца вяртаньня маёмасьці, што незаконна адабраная, няхай сабе і спэцслужбай? Меркаваньне Юрыя Варонежцава:

(Варонежцаў: ) “Наконт суду я ня маю ілюзіяў. Сапраўдны суд у нас адсутнічае. Тым ня менш, я зьвярнуся ў суд. Зараз я даслаў начальніку УКГБ Цакуну яшчэ адзін ліст, і калі ва ўстаноўлены тэрмін ня будзе станоўчага адказу, падам пазоў у суд. А што далей — пакуль ня ведаю. Але як паступаюць са злодзеямі, якія крадуць у вас асабістую маёмасьць? Напэўна, прыйдзецца толькі так і дзейнічаць”.
XS
SM
MD
LG