Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ ВОЛІ БЫЛІ ЗАТРЫМАНЫЯ БОЛЬШ ЗА 100 ЧАЛАВЕК


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў прэсавы сакратар БНФ Аляксей Шэін, паводле падлікаў арганізатараў сьвяткавання 84-х угодкаў БНР, 24 сакавіка міліцыя і АМОН затрымалі больш за сто чалавек:

(Шэін: ) “У горадзе Менску былі затрыманыя каля 80 чалавек — гэта 54 чалавекі, якія былі дастаўленыя ў Цэнтральны РАУС (нагадаю, што частку людзей, якіх затрымалі на скрыжаваньні вуліцы Варвашэні і праспэкта Скарыны, потым адпусцілі з аўтобуса не давёзшы да РАУС), а таксама каля 15 чалавек былі затрыманыя на плошчы Якуба Коласа, падчас сьпяваньня народных песень, у асноўным гэта былі жанчыны ўжо сталага веку, і 4 чалавекі былі затрыманыя прэвэнтыўна, да самой акцыі, гэта былі сябры Маладога фронту”.

Акрамя таго, як паведаміў Аляксей Шэін, у Горадні былі затрыманыя 24 чалавекі. Арганізатары зазначылі, што некалькіх чалавек у Менску і Горадні міліцыянты зьбілі. Ноч на 25 сакавіка ў пастарунках у чаканьні судоў правялі некалькі дзясяткаў чалавек. Акцыі ў іншых гарадох (Віцебску, Магілёве, Берасьці, Асіповічах, Слоніме ды іншых) прайшлі больш спакойна.

Сёньня адбываюцца акцыі ў Пінску, Маладэчне, Смалявічах, а 28 сакавіка пройдуць акцыі ў Наваполацку і Лельчыцах.

Лідэр Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка лічыць, што ў цэлым сьвяткаваньне прайшло годна. Хаця канцэпцыя сёлетняга сьвяткаваньня Дня Волі адрозьнівалася ад папярэдніх:

(Вячорка: ) “Гэта была падкрэсьлена неканфрантацыйная, падкрэсьлена аптымістычная, падкрэсьлена сьвяточная канцэпцыя. Усім нам неабходна было як раз атрымаць пэўную порцыю аптымізму пасьля зьнявераньня, стомы, фрустрацыі нашых людзей у выніку леташніх падзеяў.

Пасьля леташняга зьнявераньня мы паступова пачынаем зноў набываць пэўную душэўную энэргію, паступова, што называецца, выпростваць плечы, і я цешуся тым, што менавіта людзі, зьяднаныя незалежніцкай ідэяй, беларускай ідэяй выйшлі на вуліцы, сем'ямі, зь дзецьмі, святочна”.

Спадар Вячорка лічыць, што ня толькі праваахоўчыя ворганы вінаватыя ў тым, што была парушаная папярэдняя дамоўленасьць зь міліцыяй пра фармат сьвяткаваньня ў Менску:

(Вячорка: ) “Хтосьці нябачны, але вельмі нэрвовы і баязьлівы, недзе ў 13.15 — 13.30 аддаў абсалютна ідыёцкі загад: правакаваць людзей. Людзей у Менску сьвядома загналі ў "кацёл", акружылі проста паводле ўсіх канонаў вайсковай стратэгіі, пачалі выстаўляць прыніжальныя патрабаваньні схаваць сьцягі для таго, каб гэта не выглядала як шэсьце, калі людзі пяройдуць праз праспэкт”.

Лідар БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што гэтыя падзеі адаб'юцца на наступных акцыях апазыцыі.

(Вячорка: ) “Тое, што ўчора адбылося, паказвае, мне здаецца, і на страх уладаў, таму што дзеля захаваньня ўласнага іміджу самае лепшае, што яны маглі зрабіць — гэта проста не чапаць нікога, і на тое, што існуе разрыў паміж настроямі вышэйшага начальства (і міліцэйскага, і дзяржаўнага) і шараговых выканаўцаў... І на тое, што ня ўсё так добра ў рэжыму пасля выбараў”.

Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка адзначаў сьвята ў Горадні, дзе яго разам зь Яўгенам Лугіным ды іншымі ўдзельнікамі акцыі і затрымала міліцыя. Спадару Хадыку, як і ўсім астатнім затрыманым, выпісаная позва ў суд.

Юры Хадыка лічыць, што дзеяньні ўладаў 24 сакавіка сьведчаць, што ўрад Лукашэнкі не жадае выконваць адно з галоўных патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці — ствараць у краіне клімат даверу. Ён назваў абсурднай прапанову ўладаў Горадні правесьці мітынг у залі, папярэдне заплаціўшы за гэта:

(Хадыка: ) “Улады прапанавалі ўдзельнікам мітынгу, сябрам дэмакратычных арганізацыяў купляць сваё канстытуцыйнае права ў рэжыма Лукашэнкі. У Менску пайшлі на прыніжэньне годнасьці, добраахвотнае абмежаваньне сваіх правоў, а вось дзейнасьць рэжыму ў Горадні выглядала асабліва сьмешна”.

Юры Хадыка таксама лічыць, што загад на разгон акцыяў у Горадні і Менску прыйшоў прыблізна ў адзін і той жа час і з аднаго цэнтру.
XS
SM
MD
LG