Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЭДАГОГІ ШКОЛЫ-ІНТЭРНАТУ №5 ГОРАДУ ГОМЕЛЯ ПАТРАБУЮЦЬ СПЫНІЦЬ ВОБШУКІ НАСТАЎНІКАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Апошняй кропляй, якая перапоўніла цярпеньне пэдагогаў, стала затрыманьне міліцыянтамі за паўкілямэтра ад школы настаўніцы Людмілы Матусевіч. Распавядае сама пацярпелая:

(Матусевіч: ) “Было гэта а палове на другую гадзіну дня, на вуліцы ля стаматалягічнай паліклінікі. Два мужчыны ў цывільным перагарадзілі мне дарогу, паказалі пасьведчаньне міліцыі. Я спачатку зьбянтэжылася. Працягнула ім сумку. Яны парыліся, перавярнулі ўсё. Там ляжала булка. Пытаюць, а дзе вы яе ўзялі? Адказваю – купіла. Тады міліцыянты пачалі патрабаваць чэк. Кажу ім: навошта чэк на 230 рублёў? Яны загадалі ісьці зь імі. Я ў адказ: нікуды з вамі не пайду. У мяне заняткі, я займаюся пасьля школы зь дзіцём-інвалідам дома. Яны перапынілі дарогу і не пускаюць, нават схапілі за руку”.

Міліцыянты давялі настаўніцу да лякарні. З высокім крывяным ціскам яна вымушаная была зьвярнуцца да лекара і праляжала на бюлетэні тры дні.

Імя міліцыянта настаўніца запомніла — сяржант Уладзімер Сакалоў. Ягоны напарнік пасьведчаньня не паказаў.

Праз аддзяленьне міліцыі Людміла Матусевіч высьветліла, што сяржант Сакалоў працуе ў службе аховы Цэнтральнага раёну Гомеля.

У засаду міліцыянтаў-ахоўнікаў жанчыны-пэдагогі трапляюць даволі часта. У цёмны час сутак яны проста палохаюць настаўніц. Хапаюць за рукі, за сумкі. Уражаньне такое, што дзейнічаюць рабаўнікі альбо наагул гвалтаўнікі. Таму дырэкцыя школы разам з заявамі пэдагогаў накіравала ў пракуратуру афіцыйны запыт. У ім, у прыватнасьці, сказана, што сустрэчы з прадстаўнікамі праваахоўчых органаў для многіх пэдагогаў заканчваюцца сардэчнымі прыступамі й стрэсамі.

Як мяркуюць выкладчыкі, міліцыянты ня столькі вартуюць школьныя сталоўкі, колькі займаюцца паборамі.

Распавядае старшыня прафкаму школы №5 Людміла Баравікова, дарэчы, таксама пацярпелая ад засады:

(Баравікова: ) “Яны круцяцца ня толькі каля нашай школы. Яны круцяцца тут каля школы №54, дома немаўляці. У іх мэта, гэта — даходнае месца. Я, вядома, не прысутнічала, але кажуць, што заўсёды можна адмазацца. Калі ў работнікаў сталоўкі ёсьць што-небудзь у сумцы, то пры пэўным хабары, які даюць, усё прыкрываецца. Здараецца, правяраюць нас у нецьвярозым стане. Мы ідзем са школы, пах алькаголю вельмі адчуваецца”.
XS
SM
MD
LG