Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ БОЛЬШ ЗА 70 ЗАТРЫМАНЫХ


Любоў Лунёва, Менск

Амонаўцы, атрымаўшы загад на затрыманьне людзей, пачалі хапаць усіх запар – людзей цягнулі ў аўтобусы.

Фотакарэспандэнта агенцтва “Ройтэрс” Васіля Фядосенку зьбілі з ног і зацягнулі ў аўтобус. У аўтобусе ён паказаў свае дакумэнты і квіток на самалёт. Празь дзьве гадзіны ён мусіў ляцець у камандзіроўку ў Афганістан. Амонавец парваў і квіток, і пасьведчаньні аб акрэдытацыі. Толькі пасьля просьбаў журналістаў выпусьціць іх калегу Васіля выпхнулі з аўтобусу.

Сяргея Грыца, фотакарэспандэнта “Associated Press” укінулі ў другі аўтобус. Потым камандзір атраду АМОНу ўсё ж выпусьціў яго.

Яшчэ шасьцёх журналістаў, якія асьвятлялі падзеі й мелі пры сабе неабходныя дакумэнты, амонаўцы павезьлі разам зь іншымі затрыманымі ў Цэнтральны РУУС. У разгоне дэманстрацыі ўлады задзейнічалі АМОН, салдатаў унутраных войскаў і спэцназ.

Сярод затрыманых – лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, Натальля Кійко, Вячаслаў Сіўчык, Юрась Пальчэўскі, Ірма Табушава, Людміла Гразнова, Юрась Зянковіч, Цімафей Дранчук, Зьміцер Бандарэнка. У Савецкім РУУСе большасьць затрыманых складалі жанчыны, якім удалося прайсьці на плошчу Якуба Коласа, дзе яны сьпявалі песьні. На іх склалі пратаколы й адпусьцілі. На гэты час у дзяжурнай частцы застаюцца чатыры мужчыны. Іх прозьвішчы невядомыя.

У Цэнтральным РУУСе было 54 чалавекі. Пяцёх журналістаў міліцыянты адпусьцілі праз паўгадзіны, а Валерыю Шчукіну заявілі, што для іх ён не зьяўляецца журналістам. Яго разам з 16-гадовай унучкай трымаюць у асобным пакоі.

Лідэру Маладога Фронту Паўлу Севярынцу супрацоўнікі міліцыі прынесьлі нейкую тэчку з паперамі й паведамілі, што нібыта ён паводле іх зьвестак знаходзіцца ў вышуку. Некаторых затрыманых удзельнікаў шэсьця фатаграфуюць, а ў некаторых бяруць адбіткі пальцаў. Але на ўсіх складаюць пратаколы за парушэньне артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу – за не санкцыянаванае ўладамі вулічнае мерапрыемства.

Заўтра будуць судзіць тых, на каго сёньня склалі пратаколы. Некалькіх чалавек адпусьцілі да суду дахаты, а астатніх павезьлі ў спэцпрыёмнік на вуліцу Акрэсьціна. Там, дарэчы, дагэтуль трымаюць лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча за арганізацыю шэсьця на Дзень Канстытуцыі.
XS
SM
MD
LG