Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ АСУДЖАНЫ НА 10 СУТАК АРЫШТУ ЗА АРГАНІЗАЦЫЮ НЕСАНКЦЫЯВАНАЙ ДЭМАНСТРАЦЫІ НА ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ


Любоў Лунёва, Менск

(Статкевіч: ) "Згодна з законам, ёсьць розныя формы акцыяў. Мы замаўлялі дэманстрацыю, а нам дазволілі мітынг, які мы не замаўлялі. Мы зьвярнуліся ў суд Кастрычніцкага раёну, але паседжаньне не прызначылі. Лічу, што былі парушаныя канстытуцыйныя правы й нормы, якія падпісала Беларусь згодна з дакумэнтамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Намі пададзеная адпаведная скарга ў прадстаўніцтва ААН".

Судзьдзя разглядаў справу доўга і са шматлікімі перапынкамі. Міліцыянты-сьведкі Андрэй Багдасар'ян і Сяргей Лабкоўскі давалі блытаныя паказаньні. Сяргей Лабкоўскі ўвогуле паведаміў, што нехта з дэманстрантаў пабіў супрацоўніка міліцыі. Гэта выклікала хвалю абурэньня ў судовай залі.

Гаворыць старшыня абласной рады "Народнай Грамады" Мікалай Усьціменка:

(Усьціменка: ) "Калі б гэта адбылося насамрэч, то гэта ж крымінальная справа. Трэба было абавязкова затрымаць гэтага чалавека. А то ніхто яго й ня бачыў. Гэта сьведчыць аб тым, што міліцыянт нахабна хлусіць і нічога не баіцца".

Мікола Статкевіч правядзе тыдзень у сумнавядомым спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Судзьдзя Руслан Казадаеў вырашыў залічыць трое сутак, якія лідэр "Народнай Грамады" ужо адседзеў у разьмеркавальніку, у тэрмін арышту.

Мікола Статкевіч пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода, калі яго чакаў канвой.

(Статкевіч: ) "Хацеў бы скарыстацца з магчымасьці выказаць падзяку тым людзям, якія здолелі прыйсьці на заведама несанкцыяваную акцыю, рызыкуючы сваёй свабодай, каб абараніць свае правы. Вялікі дзякуй. Гэтая дэманстрацыя не была шматлікай, але гэта не віна тых людзей, што прыйшлі на яе. І, зразумела, вельмі непрыемна зараз чуць з розных крыніцаў, і ад журналістаў, і ад палітыкаў нейкія асуджальныя заявы наконт гэтай дэманстрацыі.

Я разумею, што ня ўсе маюць мужнасьць узяць удзел у несанкцыяванай дэманстрацыі. Мы не асуджаем гэтых людзей. Кожны мае права рабіць свой уласны выбар па ўласным сумленьні. Але я вельмі нэгатыўна стаўлюся, з абурэньнем успрымаю, калі ўласная баязьлівасьць хаваецца за абвінавачаньнем. Гэта папросту яшчэ адна форма схаваць уласную баязьлівасьць. Я ўпэўнены, што гэтая дэманстрацыя хай невялікі, але крок да дэмакратыі, да свабоды".
XS
SM
MD
LG