Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСЬЛЯ АКЦЫІ НА ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ СТАТКЕВІЧА ЗАТРЫМАЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Учора праз паўгадзіны пасьля заканчэньня акцыі ў офіс БСДП патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі ўпраўленьня ўнутраных справаў Савецкага раёну. Яны прапанавалі Міколу Статкевічу дабраахвотна прыехаць у РУУС. Статкевіч не пагадзіўся і папрасіў даслаць яму позву, як таго патрабуе закон.

Праз гадзіну ў офіс прыехаў намесьнік кіраўніка РУУСа спадар Леановіч разам з участковым інспэктарам. Яны паказалі позву, у якой было напісана, што Статкевіч выклікаецца ў якасьці сьведкі. Пры гэтым міліцыянты заявілі, што ехаць неабходна менавіта зараз. Гэта выклікала рогат ня толькі журналістаў, але й саміх міліцыянтаў. Ля пад'езду Міколу Статкевіча чакалі яшчэ пяць супрацоўнікаў міліцыі. Стала зразумела, што іншага выйсьця няма.

Адвакат Тацяна Станкевіч прысутнічала ва ўпраўленьні міліцыі разам са Статкевічам падчас складаньня пратаколу. Яна лічыць затрыманьне яе падабароннага няправільным.

(Станкевіч: ) "Шчыра кажучы, у мяне спачатку склалася ўражаньне, што супрацоўнікі міліцыі хацелі адпусьціць Міколу Статкевіча пасьля складаньня пратаколу. Тым больш, што яны самі ўручылі яму позву, каб ён у панядзелак прыйшоў для складаньня неабходных папераў у суд. Але потым ад аднаго з кіраўнікоў міліцыі паступіла распараджэньне затрымаць майго падабароннага і адвезьці ў спэцпрыёмнік да суду.

Я лічу такое рашэньне няправільным. Не было ніякіх прычынаў рабіць гэта. Відавочна, што Статкевіч зьявіўся б у суд і нікуды б не ўцякаў. Відавочна, што ў супрацоўнікаў міліцыі былі свае матывы рабіць усё менавіта гэтак".

Прэсавы сакратар "Народнай Грамады" Лявон Дзейка паведаміў Радыё Свабода:

(Дзейка: ) "Беларускім сацыял-дэмакратам падчас правядзеньня вулічных мерапрыемстваў прыходзіцца сутыкацца з тым, што ўлады імкнуцца не дапусьціць гэткіх мерапрыемстваў, нават мірнай дэманстрацыі ў дзяржаўнае сьвята ў Дзень Канстытуцыі, якая накіраваная толькі на абарону сацыяльных правоў. Не абыходзіцца безь якога-небудзь сілавога акту з боку ўладаў. Тое, што зараз Мікола Статкевіч знаходзіцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, паказвае такі дробязны характар беларускіх уладаў і міліцэйскіх чыноў.

Нават, калі вы хочаце давесьці справу да суду, то можна ж выпісаць позву ў суд, і ён прыйдзе ў панядзелак. Ён жа дае слова афіцэра. А гэта ж не пусты гук. Гэта ж шмат значыць. А яго вязуць на Акрэсьціна. Нашыя ўлады ня здольныя да самых мінімальных крокаў наперад".

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч будзе ўтрымлівацца да суду трое сутак. Паколькі яшчэ няма прысуду і ён не арыштаваны, то ўвесь гэты час згодна з інструкцыяй яго ня будуць карміць і ня будуць прымаць для яго перадачы.
XS
SM
MD
LG