Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЛІ ШТРАФ АБАРОНЦУ КУРАПАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Зьміцер Грыцель аштрафаваў Уладзімера Плотнікава на 150 мінімальных заробкаў за тое, што Ўладзімер летась 9 лістапада ўдзельнічаў у абароне Курапатаў. Гэта апошняя справа на затрыманага ўдзельніка тых падзеяў.

Раней Уладзімера Плотнікава судзілі завочна, і таму абласны суд скасаваў рашэньне як незаконнае. Уладзімер Плотнікаў абвінавачваецца ў супраціве міліцыянтам і парушэньні адміністрацыйнага заканадаўства.

Падчас суду сакратарка судовага паседжаньня прызналася, што ня ведае беларускай мовы. Судзьдзя вымушаны быў абвясьціць перапынак, каб замяніць яе на іншую. Праз паўгадзіны высьветлілася, што ніхто з сакратароў Менскага раённага суду не валодае дзяржаўнай мовай. Прыйшлося працягваць працэс у ранейшым складзе.

Уладзімер Плотнікаў не прызнаў сябе вінаватым.

(Плотнікаў: ) "Я сам у Курапатах усталяваў тры крыжы. На адным крыжы зрабіў шыльдачку і напісаў там імёны маіх дзядзькоў: "Мурашка Мікалай, Мурашка Ўладзімер і Мурашка Віктар". У 1937-м іх забралі, і мы нічога пра іх лёс ня ведаем. Я вырашыў паставіць крыжы, каб прыходзіць туды, як на могілкі. 9 лістапада, калі прыйшоў у Курапаты, убачыў, што крыжы зьнішчаныя. Гэтых барбараў не спыніла нават тое, што іх асьвяціў сьвятар".

Судзьдзя, заслухаўшы ўсіх сьведкаў і прагледзеўшы апэратыўную відэастужку, прызнаў Уладзімера Плотнікава правапарушальнікам. На думку адвакаткі Веры Страмкоўскай, прысуд вынесены з парушэньнем адміністрацыйнага заканадаўства.

(Страмкоўская: ) "Прысуд, які сёньня вынесьлі Плотнікаву, супярэчыць ня толькі адміністрацыйнаму заканадаўству, але й Канстытуцыі Беларусі. У нас ёсьць тэрмін разгляду адміністрацыйных справаў у судах. Гэтая справа павінна быць спыненая, бо скончыўся тэрмін разгляду. Судзьдзя спаслаўся на нейкую пастанову пленуму Вярхоўнага суду, але, калі я папрасіла паказаць мне гэтую пастанову, як юрыст юрысту — ён ня здолеў гэтага зрабіць. Ніхто яшчэ не адмяняў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і ніякія ўпэўненасьці судзьдзяў ня могуць парушаць нашую Канстытуцыю й нашыя законы".

Уладзімер Плотнікаў будзе абскарджваць прысуд. Хутчэй за ўсё будзе прызначанае новае разьбіральніцтва.
XS
SM
MD
LG