Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ААН ПРЫЗНАЕ ПРАВА ПАЛЕСТЫНЦАЎ НА СВАЮ ДЗЯРЖАВУ


Кастусь Бандарук, Прага

Паведамляецца, што сёньня падчас атакі ізраільскіх танкаў на горад Рамала загінуў італьянскі журналіст Рафаэла Чырыела, які працаваў для газэты “Кар’ера дэлья Сэра”. Небывалыя з пачатку апошняй палестынскай інтыфады атакі ізраільскіх сілаў на палестынскія тэрыторыі, выклікалі надзвычай нэгатыўную рэакцыю ў сьвеце і супалі з адмысловай рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН.

Рада Бясьпекі ўхваліла рэзалюцыю №1397, у якой упершыню згадваецца пра палестынскую дзяржаву побач з Ізраілем. Паводле рэзалюцыі, абедзьве дзяржавы маюць права на існаваньне ў “бясьпечных і прызнаных межах”.

У тэксьце, у прыватнасьці выказваецца занепакоенасьць эскаляцыяй гвалту і ахвярамі сярод цывільнага насельніцтва. Рэзалюцыя заклікае пасланьнікаў з ЗША, Расеі, Эўразьвязу і ААН спрыяць міру на Блізкім Усходзе. Заклікаюць таксама Ізраіль і палестынцаў супрацоўнічаць дзеля ажыцьцяўленьня мірнага пляну Тэнэта-Мітчэля і аднавіць мірныя перамовы.

Ініцыятарам рэзалюцыі выступілі Злучаныя Штаты. За яе ўхваленьне прагаласавалі 14 сталых і часовых сяброў Рады Бясьпекі. Устрымалася толькі Сырыя. Амбасадар Сырыі ў ААН Міхаіл Вэбэ заявіў, што тэкст не задавальняе Дамаск, бо ў ім нават ня згадваецца пра “ізраільскую акупацыю”.

Пра гэта выказаўся ўчора ў Радзе Бясьпекі генэральны сакратар ААН Кофі Анан. У часе паседжаньня Рады Бясьпек генэральны сакратар ААН Кофі Анан найперш заклікаў Ізраіль адмовіцца ад акупацыі палестынсктіх тэрыторыяў, захопленых у 1967 годзе.

(Анан: ) “Вы маеце права жыць у міры і бясьпецы ў міжнародна прызнаных межах, але вы мусіце закончыць нелегальную акупацыю. Вы мусіце неадкладна спыніць бамбаваньне цывільных тэрыторыяў, замахі і празьмернае ўжыцьцё сьмяртэльнай зброі, разбурэньне будынкаў і штодзённае прыніжэньне звычайных палестынцаў”.

Дарэчы, генэральны сакратар ААН Кофі Анан асудзіў таксама гвалт з боку палестынцаў.

(Анан: ) “Вы маеце неад’емнае права на жыцьцяздольную дзяржаву ў міжнародна гарантаваных межах, але вы мусіце спыніць акты тэрору, усе самагубныя бамбаваньні. Сьвядомыя і непераборлівыя атакі супраць цывільных жыхароў маральна агідныя”.

Ізраіль даволі спакойна ўспрыняў тэкст рэзалюцыі Рады Бясьпекі. Прамаўляючы сёньня ў Ерусаліме, прадстаўнік ізраільскага ўраду Арыех Мэкель адзначыў:

(Мэкель: ) “Ізраіль вітае высілкі ЗША з мэтай уключэньня ў рэзалюцыю параграфу з заклікам да неадкладнага спыненьня тэрору і непадбухторваньня да гвалту. Ізраіль разам зь іншымі спрабуе прывесьці да спыненьня агню, да ажыцьцяўленьня пляну Тэнэта і Мітчэля, да ажыўленьня мірнага працэсу і вяртаньня да стала перамоваў”.

Ізраільскі амбасадар у ААН Егуда Ланкры сказаў, што рэзалюцыя “збалянсаваная”, што ў ёй няма нічога асабліва новага, хаця і ёсьць некаторая эвалюцыя ў падыходзе Рады Бясьпекі да Блізкага Ўсходу. Ланкры адзначыў, што Ізраіль і Шарон ужо ў 1993 годзе прадугледжвалі стварэньне палестынскай дзяржавы, але яна мела яшчэ быць прадметам падрабязных перамоваў. Са свайго боку, палестынскі назіральнік у ААН Насэр Аль-Кідва вітаў рэзалюцыю Рады Бясьпекі:

(Аль-Кідва: ) “Гэта тое, што на думку палестынцаў дапаможа ва ўрэгуляваньні сытуацыі, тое, на чым мы зможам будаваць будучыню. Асабліва тая частка, у якой Рада Бясьпекі пацьвердзіла існаваньне дзьвюх дзяржаваў: Ізраілю і Палестыны, якія жывуць побач у міры і ў бясьпечных ды прызнаных межах”.

Рэзалюцыя Рады Бясьпекі супала з найбуйнейшай ад 1967 году вайсковай апэрацыяй на палестынскіх тэрыторыях. Паводле Анана, такія дзеяньні “сур’ёзна аслабляюць міжнародную пазыцыю Ізраілю”.

Паводле ізраільскага тэлебачаньня, у апэрацыі ўдзельнічаюць каля 20 тысяч ізраільскіх вайскоўцаў. Учора яны занялі горад Рамала на заходнім беразе Ярдану, а таксама ўварваліся ў лягер Джэбалія ў паласе Газа. У выніку апэрацыі загінулі прынамсі 30 палестынцаў і 6 ізраільцаў. За апошнія 10 дзён усяго загінулі больш за 100 чалавек.

Віцэ-міністар абароны Ізраілю Далья Рабін Пілосаф заявіла, што апэрацыя мае на мэце “абарону Ерусаліму і зьяўляецца адказам на самагубныя тэракты, што праводзяць тэрарысты з Рамала”.

Аднак паводле прадстаўніка палестынскай аўтаноміі Ахмада Абдэльрахмана, “калі Шарон спрабуе нас запалохаць сілай, палестынскі народ узмоцніць супраціў і будзе яго працягваць з новым імпэтам”. Абдэльрахман асудзіў таксама Злучаныя Штаты: “Ад амэрыканцаў мы чулі шмат прыгожых словаў, але гэта што мыльныя бурбалкі. На справе ЗША падтрымліваюць ізраільскую агрэсію”.

Тым ня менш, ЗША робяць дыпляматычныя намаганьні дзеля аднаўленьня мірнага працэсу на Блізкім Усходзе. У рэгіёне ўжо знаходзіцца віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні, а ў чацьвер з новай пасярэдніцкай місіяй накіроўваецца на Блізкі Ўсход спэцыяльны амэрыканскі пасланьнік Энтані Зіні, які чарговы раз спрабуе прыцягнуць бакі да стала перамоваў.
XS
SM
MD
LG