Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД АДМОВІЎ СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ Ў АТРЫМАНЬНІ ПЭНСІІ, ЯКАЯ НАЛЕЖЫЦЬ БЫЛОМУ КІРАЎНІКУ ДЗЯРЖАВЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У судзе Маскоўскага раёну Менску працягваўся разгляд скаргі Станіслава Шушкевіча, які дамагаецца, каб Міністэрства працы й сацыяльнай абароны выплочвала яму пэнсію, якая была пажыцьцёва прызначаная былому старшыні Вярхоўнага Савету. Цяпер сума гэтай пэнсіі складае 3196 рублёў, што на сёньняшні дзень ёсьць 1 даляр і 80 цэнтаў. Проста гэтая пэнсія ад 1997 году, ці з часу, калі Аляксандар Лукашэнка сваім дэкрэтам вызначыў сьпіс былых кіраўнікоў Беларусі, якія маюць права на дзяржаўную пэнсію, не падлягае індэксацыі.

Станіслаў Шушкевіч і ягоны адвакат Міхаіл Волчак сёньня даводзілі суду, што закон пра сацыяльнае забесьпячэньне былога кіраўніка Вярхоўнага Савету да гэтага часу ніхто не скасоўваў, але безвынікова.

Яны таксама пыталі ў прадстаўніцаў Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, што будзе, калі інфляцыя дойдзе да той мяжы, калі 3196 рублёў будуць роўныя нулю. Прадстаўніцы міністэрства казалі, што й у гэтым выпадку спадар Шушкевіч не атрымае індэксацыі, а яны ў сваю чаргу будуць і надалей яму настойліва раіць аформіць пэнсію па ўзросьце. Маўляў, Міністэрства працы ня мае ніякага права зьмяніць памер пэнсіі Шушкевічу, бо на тое няма праўных падставаў.

У выніку судзьдзя Вольга Гусянкова адмовіла Станіславу Шушкевічу ў задавальненьні ягонага пазову.

Прадстаўніца Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва так пракамэнтавала гэтае судовае рашэньне:

(Каралёва: ) "Рашэньне суду адпавядае таму, што ёсьць на самой справе".

Для Станіслава Шушкевіча гэтае рашэньне не было нечаканым:

(Шушкевіч: ) "У нас прэзыдэнт надзелены правам адхіліць ад пасады любога судзьдзю, любога роўню, улучна з судзьдзём Канстытуцыйнага суду, не даючы камэнтару, чаму ён гэта зрабіў".

(Карэспандэнт: ) "Вы спадзяваліся, што судзьдзя можа прыняць іншае рашэньне?"

(Шушкевіч: ) "Шчыра кажучы, не. Ні я, ні мой адвакат".

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш, чаму вы пайшлі на гэты крок?"

(Шушкевіч: ) "Я павінен прайсьці ўсе этапы, каб падымаць гэтае пытаньне далей. Гэта фактычна палітычны прыгнёт, і камэнтаваць тут няма чаго. Але трэба мець дакумэнтальнае пацьверджаньне, што гэта так. Рэшэньне суду ёсьць такім пацьверджаньнем".

У найбліжэйшы час спадар Шушкевіч падасьць у гэтай справе апэляцыю ў Менскі гарадзкі суд.
XS
SM
MD
LG