Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ "ХАРТЫІ-97" АБВЕСЬЦІЛІ ПРА МАСАВУЮ АКЦЫЮ, ЗАПЛЯНАВАНУЮ НА 19 КРАСАВІКА. МАРШ ПРАТЭСТУ ПРОЙДЗЕ ПАД ЛЁЗУНГАМ "ТАК ЖЫЦЬ НЕЛЬГА"


Віталь Цыганкоў, Менск

Адкрыў прэсавую канфэрэнцыю Цімох Дранчук, які быў прэзэнтаваны як адзін з ініцыятараў акцыі. Моладзь была названая галоўным патэнцыйным удзельнікам акцыі.

(Дранчук: ) "Мы зрабілі свой выбар 9 верасьня, але нас паставілі ў такія ўмовы, што мы будзем адстойваць свой выбар на вуліцах. Апошні месяц "Зубр" праводзіў сацыяльную кампанію "Так жыць нельга", і нашыя старэйшыя калегі падтрымалі нашую кампанію. Яны прытрымліваюцца тых жа поглядаў, і менавіта таму мы зараз тут разам. Думаю, вынік ад нашай працы будзе і прыйдзе дзень, калі мы здолеем адмовіцца ад лёзунгу "Так жыць нельга" і здолеем сказаць "Так жыць трэба".

Валеры Шчукін падкрэсьліў, што сёньня іншага шляху змаганьня з дыктатурай, акрамя вулічных акцыяў, ён ня бачыць. Ягоную думку падтрымаў Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Я ня ведаю таксама, як Валеры Аляксеевіч, іншага шляху змаганьня, акрамя вуліцы. Ёсьць узброенае змаганьне, а ёсьць негвалтоўны супраціў. Шэпт на кухні ніякім чынам перамогу не набліжае"

З гумарам цытуючы перадвыбарныя заявы Аляксандра Лукашэнкі, удзельнікі канфэрэнцыі паўгадзіны па чарзе пераконвалі журналістаў у тым, што сёньняшняе жыцьцё ў Беларусі дрэннае, Аляксандар Лукашэнка — апошні дыктатар Эўропы, які да таго ж не выконвае свае абяцанкі.

Як патлумачыў Зьміцер Бандарэнка, акцыя пратэсту, якая мусіць пачацца а 18 гадзіне на плошчы Якуба Коласа і завяршыцца мітынгам на Кастрычніцкай плошчы, адбудзецца ў любым выпадку паводле заплянаванага маршруту — незалежна ад рашэньня гарадзкіх уладаў.

(Бандарэнка: ) "Усеагульная Дэклярацыя правоў чалавека (артыкул 20) гарантуе кожнаму чалавеку на плянэце права на правядзеньне мірных сходаў.

Хадзіць на Бангалёр пратэставаць — гэта дзіўна. Мы хочам выказаць пратэст уладзе і канкрэтна гэтаму чалавеку. І таму мы пойдзем менавіта на Кастрычніцкую плошчу, як гэта сказана ў заяўцы".

Адказваючы на маё пытаньне, удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі паведамілі, што пакуль не кансультаваліся з кіраўнікамі дэмакратычных партыяў наконт Маршу пратэсту.
XS
SM
MD
LG