Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ ПАДАЎ У СУД НА МІНІСТЭРСТВА ПРАЦЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Станіслаў Шушкевіч падаў у суд на ўлады, бо цягам пяці гадоў ён атрымлівае пэнсію ў 3196 рублёў, ці 1 амэрыканскі даляр і 89 цэнтаў.

Да 1997 году Станіслаў Шушкевіч, паводле закону, прынятага Вярхоўным Саветам на пачатку 1990-х гадоў, атрымліваў пэнсію ў памеры 75% ад зарплаты дзейнага кіраўніка дзяржавы. Аднак у 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка прыняў адмысловы дэкрэт, якім быў вызначаны сьпіс тых асобаў, якія маюць права на атрыманьне пэрсанальнай пэнсіі, а таксама на карыстаньне дзяржаўным лецішчам, машынай, аховай ды мэдычным абслугоўваньнем.

У гэты сьпіс трапілі былыя першыя сакратары ЦК КПБ савецкіх часоў, былы прэм'ер Вячаслаў Кебіч ды іншыя кіраўнікі савецкай Беларусі, але толькі не апазыцыянэр Станіслаў Шушкевіч, які ўзначальваў беларускую дзяржаву з 1991 па 1994 год.

Апошні раз прыстойную пэнсію Станіслаў Шушкевіч атрымаў у траўні 1996 году. Пасьля ягоная пэнсія ўвесь час так і заставалася на роўні 3 тысяч 196 рублёў, што недапушчальна нават паводле беларускіх законаў. (Цяпер мінімальная беларуская пэнсія складае 41 тысячу рублёў.)

Шушкевіч шмат разоў зьвяртаўся ў гэтай справе ў Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, Савет Міністраў, але безвынікова. І тады ён падаў пазоў у суд. Гаворыць Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Гэта проста зьдзек. Наагул у Беларусі няма такой пэнсіі, і ў іншых краінах, як высьветлілася, таксама няма пэнсіі такога ўзроўню. Увесь час такое крывадушша, і таму відавочна, што адзіны працэс, які можа зрабіць гэта транспарэнтным, празрыстым, вядомым — гэта суд.

Лепей, як кажуць, з разумным згубіць чым з дурнем знайсьці. І таму, калі нехта выдае такі дэкрэт, паводле якога адбываецца такое нялюдзтва, гэта характарызуе таго чалавека. Гэта палітычная помста".

Гэтую думку падзяляе й яшчэ адзін былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, які сёньня прыйшоў у суд падтрымаць свайго калегу:

(Грыб: ) "Яны так абышліся з чалавекам, які быў кіраўніком дзяржавы. Нават у дурным сьне гэтага не прыдумаеш. Гэта ж немагчыма так ставіцца да людзей, якія займалі такія пасады. Я гэта ацэньваю як помсту й бяспраўе".

Пэрсанальную пэнсію як былы старшыня парлямэнту спадар Грыб таксама не атрымлівае (ён мае толькі пэнсію як генэрал-лейтэнат міліцыі). Мечыслаў Грыб таксама не выключае, што падасьць падобны пазоў у суд, але гэта будзе залежыць ад таго, якое рашэньне прыме суд у справе Шушкевіча.

Сёньня прадстаўніцы Міністэрства працы й сацыяльнай абароны спрабавалі давесьці судзьдзе Вользе Гусаковай, што Станіслаў Шушкевіч сам вінаваты ў тым, што ў яго такая мізэрная пэнсія, бо маўляў, ён ня хоча перааформіць яе як пэнсію па старасьці.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету ж заявіў, што ніколі ня пойдзе на такі ганебны крок. Паводле Станіслава Шушкевіча, ён быў кіраўніком дзяржавы, мае права на належную пэнсію й ня мусіць яе выпрошваць. Дарэчы, сёньня судзьдзя адхіліла хадайніцтва Станіслава Шушкевіча аб праводжаньні працэсу на беларускай мове.

Пакуль жа Станіслаў Шушкевіч, каб забясьпечыць сваю сям'ю, выкладае ў шэрагу эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтаў.

Канчатковае рашэньне ў гэтай справе хутчэй за ўсё будзе абвешчанае заўтра. Станіслаў Шушкевіч гаворыць, што абавязкова накіруе судовае рашэньне ў кнігу рэкордаў Гінэса, каб заняць там першае месца ў намінацыі "Былы кіраўнік дзяржавы, які атрымлівае самую мізэрную пэнсію".
XS
SM
MD
LG