Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВАЗДАЧА ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША АБ СТАНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў СЬВЕЦЕ


Ул. інф.

Абедзьве Канстытуцыі Беларусі, 1994 і 1996 гадоў, даюць грамадзянам права выбару краіны для працы й жыхарства. Згодна з Адміністрацыйным кодэксам, які Канстытуцыйны Суд у 1999-м годзе прызнаў неканстытуцыйным, нельга атрымаць працу без прапіскі.

Грамадзяне, якія хочуць выехаць за мяжу, мусяць сьпярша атрымаць візу на выезд, інакш кажучы – права на выезд, тэрмінам ад 1 да 5 гадоў. Улады злоўжываюць гэтым правілам – яны альбо зацягваюць выдачу візы, каб зрабіць людзей невыязнымі, альбо ўскладняюць апазыцыйным палітыкам іхную дзейнасьць за мяжою.

Увосень 2000 году улады не далі дазволу на выезд у Польшчу вядомаму мастаку Алесю Пушкіну, які годам раней наладзіў пэрформанс ля сядзібы кіраўніка дзяржавы.

Тэарэтычна, улады не забараняюць эміграцыю грамадзянаў, аднак застаецца ў сіле двухсэнсоўны закон аб невыяўленьні дзяржаўных сакрэтаў. На яго падставе ўлады могуць не дапусьціць да выезду любога грамадзяніна. Ня могуць падацца ў эміграцыю таксама тыя, супраць каго распачалі крымінальную справу.

Згодна Канстытуцыі, беларускія ўлады павінны даваць статус палітычных уцекачоў тым, каму пагражае перасьлед на іхнай радзіме. На практыцы, рэгіянальныя іміграцыйныя службы пастаяна адмаўляюць у статусе ўцекача нелегальным імігрантам, асабліва калі тыя прыбылі праз краіны, якія лічацца “бясьпечнымі”. Гэтак, імігранты з “трэцяга сьвету”, якія лічаць Беларусь транзытным шляхам у Эўропу, вымушаныя вяртацца ў Расею, якую ведамства ААН у справах уцекачоў ня лічыць “бясьпечнай” краінай.

Рэжым Лукашэнкі, гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, моцна абмежаваў права грамадзянаў на зьмену кіраўніцтва краіны. Абраны на пасаду прэзыдэнта ў 1994-м годзе Лукашэнка шляхам рэфэрэндуму 96-га году зьмяніў Канстытуцыю, пашырыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў і падпарадкаваў сабе ўсе тры галіны ўлады.

Лукашэнка праігнараваў заключэньне Канстытуцыйнага Суду аб тым, што Канстытуцыю нельга зьмяніць шляхам рэфэрэндуму. Новая Канстытуцыя Беларусі дае прэзыдэнту права выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону, і гэтае права Лукашэнка адвольна скарыстоўвае. Цяпер уся палітычная сыстэма Беларусі абапіраецца на Канстытуцыі, якую прынялі неканстытуцыйным шляхам, адзначаецца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША.

Прэзыдэнцкія выбары, у выніку якіх Лукашэнка быў пераабраны яшчэ на адзін тэрмін, Арганізацыя Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе назвала сфальшаванымі. Рэжым дазволіў прыбыць назіральнай місіі АБСЭ ўсяго за тры тыдні да выбараў. Улічваючы атмасфэру перадвыбарчай кампаніі, АБСЭ заявіла, што выбары ня могуць лічыцца ні свабоднымі, ні справядлівымі, ні празрыстымі.

Канкурэнты Лукашэнкі не атрымалі магчымасьці давесьці да шырокіх колаў грамадзтва сваіх поглядаў і праграмаў, яны мелі абмежаваны доступ да дзяржаўных электронных сродкаў масавай інфармацыі, якія поўнасьцю былі на баку Лукашэнкі. Для параўнаньня: Лукашэнка атрымаў 70% эфірнага часу, а ягоны асноўны канкурэнт Ганчарык – усяго 20%, адзначаецца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША.

У часе выбараў рэжым дазволіў прысутнасьць незалежных назіральнікаў, але моцна абмежаваў іхную дзейнасьць. Лукашэнка колькі разоў абвінавачваў ініцыятараў незалежнага назіраньня за выбарамі ў вэрбоўцы шпіёнаў і ў падрыўной дзейнасьці.

Напярэдадні выбараў, 8 верасьня, Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў акрэдытацыі 3000 назіральнікам ад няўрадавых арганізацыяў. У часе “датэрміновага галасаваньня”, незалежныя назіральнікі былі цалкам пазбаўленыя магчымасьці сачыць за падлікам галасоў. Яны спрабавалі правесьці паралельны падлік галасоў, аднак датэрміновае галасаваньне, перанасныя скрыні для галасаваньня, падтусоўка выбарчых бюлетэняў і адсутнасьць якой-небудзь празрыстасьці зьвялі амаль на нішто вынікі іхнай працы.

Вялікі разрыў паміж вынікамі датэрміновага галасаваньня і вынікамі выбараў 9 верасьня даў падставу для падазрэньня ў буйнамаштабнай маніпуляцыі. За дзьве гадзіны пасьля закрыцьця выбарчых участкаў у Менскай вобласьці ўжо пасьпелі падлічыць 70% бюлетэняў, а ў самым Менску ўсяго 6,5%.

Усе незалежныя апытаньні, праводжаныя напярэдадні выбараў, паказвалі нязначны разрыў паміж Лукашэнкам і Ганчарыкам, адпаведна 46 і 40%, аднак афіцыйныя вынікі атрымаліся адпаведна 75 і 15%. Усё гэта, гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, сьведчыць пра буйную маніпуляцыю ў часе выбараў. Дарэчы, вельмі падобная сытуацыя была ў часе парлямэнцкіх выбараў 2000 году.

У Беларусі дзейнічаюць некалькі праваабарончых арганізацыяў, якія спрабуюць расьсьледаваць факты парушэньняў правоў чалавека. Аднак адпаведныя органы кантралююць іхную перапіску і тэлефонныя званкі, абмяжоўваюць іхную дзейнасьць, адмаўляючы ім у рэгістрацыі, абкладаючы высокімі падаткамі, канфіскуючы іхную маёмасьць і блякуючы доступ да замежных крыніцаў фінансаваньня.

У прыватнасьці “Дэкрэт аб гуманітарнай дапамозе”, які забараняў скарыстоўваньне замежных сродкаў на антыдзяржаўную, палітычную і прафсаюзную дзейнасьць, на практыцы быў скарыстаны супраць любой статутнай дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў. Улады арыштоўвалі рахункі гэтых арганізацыяў, на офісы нападалі людзі ў масках і нішчылі абсталяваньне. У ніводным выпадку вінаватых не знайшлі. Адсюль перакананьне незалежных аглядальнікаў, што гэтыя рэйды праводзілі самыя сілы бясьпекі, гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША.

У Беларусі жанчын дыскрымінуюць. Яны маюць меншы доступ да вышэйшай адукацыі і высокіх пасадаў. Сярэдняя беспрацоўная жанчына ня мае працы каля 18 месяцаў, а мужчына – толькі 5 месяцаў. Закон прадугледжвае пакараньні за гвалт над жанчынамі ў сям’і, і за згвалтаваньні, аднак на практыцы ахвяры лічаць сябе безабароннымі. Затое няма закону наконт сэксуальнага дамагальніцтва. Павялічваюцца таксама маштабы прастытуцыі й гандаль жанчынамі.

Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, у Беларусі існуе праблема дыскрымінацыі асобаў з абмежанай дзеяздольнасьцю. Офісы, прадпрыемствы, заводы і публічны траспарт, як правіла, не прыстасаваныя для інвалідаў. Інваліды атрымліваюць сацыяльную дапамогу, аднак яна сымбалічная.

Паводле незалежнай газэты “Народная Воля”, непаўнаспраўныя людзі не зьяўляюцца прыярытэтам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Інвалід у сярэднім атрымлівае ў 10 разоў менш сродкаў за год, чым сярэдні сябра праўрадавай арганізацыі “Патрыятычны саюз моладзі”.

Рэжым Лукашэнкі, які выступае за аб’яднаньне Беларусі з Расеяй, непрыхільна ставіцца да беларускай мовы ў школе, адзначаецца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША. У Менску 242 пачатковых школ, толькі 11 зь іх вядуць заняткі на беларускай мове.

У абласных гарадох сытуацыя яшчэ горшая. Улады заяўляюць, што бацькі й дзеці самі не жадаюць вучыцца на беларускай мове, аднак аглядальнікі цьвердзяць інакш. Згодна з законам, абедзьве мовы, беларуская і расейская, – дзяржаўныя і раўнапраўныя, аднак на практыцы рэжым дыскрымінуе беларускую мову. У кастрычніку 2000 году міліцыя затрымала дзьвюх жанчын толькі за тое, што яны размаўлялі па-беларуску.

Беларускія ўлады абмяжоўвалі прафсаюзную дзейнасьць. Згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам, для рэгістрацыі прафсаюзу неабходна, каб да яго належалі 10% усіх рабочых прадпрыемства. Кабінэт міністраў забараніў абавязковыя прафсаюзныя ўнёскі, што давяло прафсаюзы на фінансавага крызысу. Удзел у страйку пагражае стратай працоўнага месца.

Як і за савецкім часам, рабочыя і студэнты абавязаныя выконваць дадатковыя працы накштал “суботнікаў”, пераважна пры зборы ўраджаю.

Улады не забясьпечваюць належных умоваў працы й заробку. Сярэдні месячны заробак ніяк не дасягае абяцаных Лукашэнкам у часе перадвыбарчай кампаніі 100 даляраў на месяц. Аднак жа, – адзначае справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША, – у Беларусі няма мэханізмаў адстойваньня сваіх правоў і паляпшэньня ўмоваў жыцьця.
XS
SM
MD
LG