Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЕКАТОРЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ СПРАВАЗДАЧЫ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША


Ул. інф.

Для збору інфармацыі амэрыканскія амбасады па ўсім сьвеце скарысталі самыя розныя крыніцы, ад урадавых чыноўнікаў да журналістаў, юрыстаў і праваабаронцаў.

Яны прааналізавалі сытуацыю ў паасобных краінах з гледзішча індывідуальных, грамадзянскіх, палітычных і працоўных правоў у адпаведнасьці з Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека: вяршынства закону, права на свабоду слова, сходаў, згуртаваньняў, права на маёмасьць, на свабоду рэлігіі, а таксама разгледзелі ўсялякія формы дыскрымінацыі й эксплюатацыі.

Прадстаўляючы сёлетнюю справаздачу, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл адзначыў, што свабода і дэмакратыя спрыяюць стабільнасьці й дабрабыту, а таксама дапамагаюць ў барацьбе з тэрарызмам, нестабільнасьцю і канфліктамі.

(Паўэл: ) “Досьвед паказвае, што краіны, якія выяўляюць высокі ўзровень павагі для правоў чалавека, больш бясьпечныя й разьвітыя. Павага да правоў чалавека неабходная для захаваньня міру і трывалага эканамічнага росту – таго, што амэрыканцы лічаць сваёй мэтай разам зь людзьмі ва ўсім сьвеце”, – сказаў Колін Паўэл.

Справаздача ёсьць падставай для фармаваньня палітыкі ўраду ЗША да розных краінаў сьвету. Яна скарыстоўваецца таксама Кангрэсам ЗША пры вызначэньні зьнешняй фінансавай дапамогі.

Найгоршую ацэнку атрымалі тры краіны: Ірак, Іран і Паўночная Карэя, якія раней прэзыдэнт Буш назваў “восьсю зла”. Згодна з дакумэнтам, ва Ўзбэкістане па рэлігійных або палітычных матывах арыштавана 7.500 чалавек. Расея пастаянна парушае асноўныя правы чалавека ў Чачэніі. У Турцыі сілы бясьпекі катуюць і зьбіваюць затрыманых. Безьліч прыкладаў бесчалавечнага абыходжаньня зафіксавана ў іншых краінах – такіх як Пакістан, Афганістан, Кітай, Пэру і Куба.

Што тычыцца Беларусі, дык ёй прысьвечана 23 старонкі тэксту справаздачы. У справаздачы найперш нагадваецца, што Беларусь зьяўляецца прэзыдэнцкай рэспублікай з цэнтралізаванай эканомікай. Абраны праз дэмакратычныя выбары Аляксандар Лукашэнка шляхам рэфэрэндуму 1996-га году зьмяніў Канстытуцыю, пашырыў свае паўнамоцтвы і падоўжыў свой тэрмін на пасадзе.

Лукашэнка поўнасьцю кантралюе выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўлады. Яму непасрэдна падпарадкоўваюцца КГБ і Міністэрства ўнутраных справаў. У адпаведнасьці зь існым законам, прэзыдэнт мае права падпарадкаваць сабе ўсе сілавыя структуры.

Правы чалавека ў разьдзеле пра недатыкальнасьць асобы справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША разглядае праз наступныя крытэры:

- самапраўнае і незаконнае пазбаўленьне жыцьця,
- зьнікненьні вядомых людзей,
- катаваньні ды іншыя жорсткія, нечалавечыя і прыніжальныя абыходжаньне ці пакараньне,
- самапраўныя арышты, затрыманьні й выгнаньні,
- адмаўленьне ў праве на справядівы, публічны суд,
- самапраўнае парушэньне права на асабістае, сямейнае, хатняе жыцьцё, а таксама таямніцу перапіскі.

У разьдзеле, што прысьвечаны павазе да грамадзянскіх правоў, разгледжаныя такія правы:

- права на свабоду слова і друку,
- права на мірныя дэманстрацыі й сходы,
- свабода рэлігіі,
- а таксама свабода перамяшчэньня па краіне, права на замежныя паездкі, эміграцыю і рэпатрыяцыю.

У справаздачы разгледжаныя таксама:

- права грамадзянаў на зьмену кіраўніцтва краіны,
- працоўныя правы, забарона працы альбо прымусовая праца, права на належны заробак і дапушчальныя ўмовы працы, на прафсаюзную дзейнасьць,
- дыскрымінацыя з прычыны расы, полу, рэлігіі, мовы, няпоўнай дзеяздольнасьці й сацыяльнага статусу.

Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, няма неаспрэчных доказаў таго, што беларускія ўлады праводзілі палітычныя забойствы, аднак ёсьць падставы меркаваць, што яны маюць дачыненьне да таямнічых зьнікненьняў альбо забойстваў каля 30 чалавек.

Былыя сьледчыя і супрацоўнікі праваахоўчых органаў Петрушкевіч, Малік і Ігнатовіч наўпрост або ўскосна пацьвердзілі, што пры міністры ўнутраных справаў Сівакове былі створаныя “эскадроны сьмерці”, якія адказныя за зьнішчэньне апазыцыйных дзеячоў і палітычных праціўнікаў рэжыму.

Улады таксама дагэтуль не расьсьледавалі ранейшыя зьнікненьні – Зьмітра Завадзкага, Юрыя Захаранкі, Віктар Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Беларуская міліцыя, гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, стала ўжывае фізычную сілу супраць удзельнікаў мірных дэманстрацыяў і затрыманых. Здаралася, што папярэдняе затрыманьне заміж 48 гадзінаў доўжылася паўтара года. Сьледчыя дабіваюцца прызнаньняў празь зьбіцьцё і псыхалягічны ціск.

У часе ўтрыманьня пад вартай зьбілі былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра, а таксама апазыцыйных дзеячоў і сяброў моладзевага руху “Зубр” Аляксандра Абрамовіча, Аляксея Шыдлоўскага і Цімафея Дранчука.

Шэраг закрытых судовых працэсаў мелі ўсе прыкметы палітычнай помсты. Гэтак было з былым дэпутатам Андрэем Клімавым і прафэсарам Юрыем Бандажэўскім.

У беларускай арміі квітнее традыцыйная форма фізычнага і псыхалягічнага зьдзеку з маладых прызыўнікоў – “дзедаўшчына”.

Хаця Канстытуцыя Беларусі забараняе ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё, аднак на практыцы адпаведныя органы праслухоўваюць тэлефоннныя размовы, кантралююць кампутарную сувязь і сочаць за кватэрамі.

Праваахоўчыя органы праводзілі таксама канфіскацыі або арышт кампутарнай тэхнікі апазыцыйных выданьняў альбо выбарчыя матэрыялы некаторых палітыкаў. Скарыстоўваючы цэнзуру і дзяржаўную манаполію на СМІ і друк, улады блякавалі альтэрнатыўную інфармацыю і незалежную думку.

Перад Маршам Свабоды 25 сакавіка міліцыя канфіскавала тысячы ўлётак, якія падрыхтаваў Беларускі Народны Фронт.

У Беларусі няма дзяржаўнай рэлігіі, аднак улады аддаюць перавагу Рускай Праваслаўнай Царкве, якая выступае за славянскае адзінства і аб’яднаньне Беларусі й Расеі. Затое ўлады ня хочуць рэгістраваць суполкі “нетрадыцыйных веравызнаньняў”, у тым ліку пратэстанцкія абшчыны, а таксама парафіі Беларускай Аўтакефальнай Царквы і Грэка-каталіцкай Царквы.


XS
SM
MD
LG