Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЯБРЫ АРГАНІЗАЦЫІ "РЭПАРТЭРЫ БЯЗЬ МЕЖАЎ" АЦЭНЬВАЮЦЬ СЫТУАЦЫЮ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ СМІ ЯК "НЕСУЦЯШАЛЬНУЮ"


Ігар Карней, Менск

(эфір 5 сакавіка)

Распачаўся візыт у Беларусь сяброў праваабарончай арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" — структуры, што ажыцьцяўляе маніторынг сытуацыі ў СМІ па ўсім сьвеце. Пасьля шэрагу няўдалых спробаў патрапіць у Беларусь (улады ўпарта адмаўляліся даваць візы на ўезд), яны змаглі гэта зрабіць дзякуючы адмысловаму запрашэньню амбасады Францыі.

Беларускае пытаньне апошнім часам стала важнай тэмаў справаздачаў, якія разглядаюць парушэньні правоў незалежнай прэсы і асобных журналістаў, і самі экспэрты кажуць, што быць журналістам у Беларусі ня толькі вельмі цяжка, але й небясьпечна.

Але ніякай рэакцыі на гэтую праблему цягам ужо некалькіх гадоў у Беларусі няма: паводле саміх праваабаронцаў, ніводзін зь лістоў, якія былі накіраваныя беларускім уладам, відавочна, ня быў нават прачытаны, і такое адчуваньне, што лісты з Парыжу адразу ж траплялі ў сьметніцу. Можа якраз таму арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” гэтак імкнулася патрапіць у Менск. Вось што кажа каардынатар дасьледаваньняў арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" Аляксандар Леві:

(Леві: ) "Калі ўзяць любы дапаможнік, які кажа пра правы чалавека (гэта ня толькі "Рэпартэры бязь межаў", "Аmnesty International"ці "Human Rights Watch"), і калі вы потым трапляеце ў Беларусь, то сытуацыя падаецца вельмі дзіўнай. Пра гэта вельмі яскрава кажуць і факты. Людзі зьнікаюць, людзі баяцца; ёсьць газэты, якія не выдаюцца, не друкуюцца, альбо друкуюцца зь белымі плямамі. Гэта крыху дзіўна, калі мы ведаем, што Беларусь знаходзіцца ў Эўропе. "Рэпартэры бязь межаў" — гэта арганізацыя абароны свабоды друку, адпаведна і журналістаў — і ў гэтым кантэксьце мы маем нармальныя і патрэбныя сустрэчы".

Сапраўды, нават двух дзён адмыслоўцам хапіла, каб зрабіць папярэднюю выснову наконт несуцяшальнай сытуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў краіне. Але спадар Леві ўсё ж ня кідае надзеі, і кажа, што нават такога кароткага тэрміну дастаткова, каб зрабіць пэўныя прагнозы адносна будучыні недзяржаўнай прэсы ў Беларусі. Я прашу спадара Леві параўнаць становішча недзяржаўнай прэсы ў Беларусі зь якімсьці яшчэ рэгіёнам сьвету.

(Леві: ) "Гэта, як кажуць, вельмі небясьпечны спорт — параўноўваць сытуацыі. Мы прыехалі (гэткая магчымасьць здарылася ўпершыню), каб паглядзець на ўсё ўласнымі вачыма. За мяжой вобраз Беларусі крыху карыкатурны. І гэтаму можна верыць, калі вам не даюць магчымасьць наведаць гэтую краіну, пажыць тут хоць некалькі дзён, паглядзець, як канкрэтна людзі працуюць.

Мы прыйшлі паглядзець, ці ёсьць гэтая карыкатура насамрэч. Але я не хачу пакуль рабіць высноваў. Але ўсе нашыя размовы, сустрэчы пераканалі мяне ў адным: беларусы, беларускі народ, моладзь хоча ісьці ў Эўропу. Тое, што менталітэт тут эўрапейскі (дакладна як у вас, ці ў мяне), у гэтым я цалкам перакананы".

Учора ды сёньня экспэрты ў пытаньнях мас-мэдыяў сустрэліся з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдактарам гарадзенскай "Пагоні" Міколам Маркевічам ды рэдактарам "Советской Белоруссии" Паўлам Якубовічам. Заўтра, паводле папярэдняй дамовы, францускіх адмыслоўцаў абяцаў прыняць міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны, а на вечар у іх заплянаваная сустрэча з жонкай апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, Сьвятланай.

Візыт сяброў праваабарончай арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" працягнецца да чацьвярга, і ўсе іхныя назіраньні пасьля вяртаньня ў Парыж увасобяцца ў адмысловую працу па выніках наведваньня Беларусі.
XS
SM
MD
LG