Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Андрэй Клімаў мяркуе, што гэтым разам ён як ніколі раней блізкі да датэрміновага вызваленьня. Генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр запэўнівае, што гэтая арганізацыя надае вялікую ўвагу справам зьніклых апазыцыянэраў. Пракуратура не адмовілася ад ідэі пакараць адваката Завадзкіх Ігара Аксёнчыка.

Вязень менскай калёніі дэпутат Андрэй Клімаў ужо бачыць сябе на волі. Гэтак ацэньвае цяперашні настрой Клімава ягоная жонка Тацяна, якая днямі сустракалася зь ім у калёніі:

"Ён сустрэў мяне, сьвецячыся ад шчасьця, і адразу спытаў, ці ведаю я тую выдатную навіну, што турэмная камісія рэкамэндавала яго на датэрміновае вызваленьне? Праўда, калі я перадала яму словы старшыні Вярхоўнага суду Сукалы, які сказаў, што Клімава выпусьцяць не раней як ён павініцца, то настрой Андрэя крыху сапсаваўся.

Вінаватым Андрэй сябе не прызнае і не зьбіраецца прызнаваць. Але потым мы вырашылі, што ня варта строіць пэсымістычныя прагнозы. З датэрміновым вызваленьнем Андрэя сапраўды шмат разоў падманвалі, але ён спадзяецца, цяпер будзе інакш. Нават з турэмнай адміністрацыі Андрэю сказалі, што ў іх не было выпадку, каб да рашэньня камісіі судзьдзя не прыслухаўся".

Паводле Тацяны Клімавай, яшчэ ўчора ў Ленінскім райсудзе Менску, дзе судзілі Клімава, павінны былі вызначыцца, хто з судзьдзяў будзе пераглядаць ягоную справу. Тады прыблізна на працягу тыдня будзе прынятае рашэньне. Пасьля, калі рашэньне будзе станоўчым, вязьня павінны вызваліць не пазьней як празь дзень.

Такім чынам, ёсьць шанец, што ўжо на будучым тыдні дэпутат Клімаў выйдзе з турмы, дзе ён правёў амаль паўтары тысячы дзён.

***

"Свабода" ўжо паведамляла пра ліст генэральнага сакратара Рады Эўропы спадара Швімэра да жонак рэпрэсаваных беларускіх апазыцыянэраў. Вальтар Швімэр адказаў гэтым лістом на пасланьне, якое даслалі яму ў пачатку году Людміла Карпенка, Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар і Сьвятлана Завадзкая. Швімэр піша:

"Дазвольце мне запэўніць вас, што Рада Эўропы ўважліва сочыць за развіцьцём сытуацыі ў Беларусі і асабліва за вашымі справамі. Мы вельмі занепакоеныя лёсамі вашых мужоў".

У лісьце, аднак, нічога не сказана пра стаўленьне да ідэі стварэньня міжнароднай камісіі па справах зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. І ўсё ж зьместам ліста ягоныя адрасаты з большага задаволеныя. Прыкладам, гэтак паставілася да яго Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) "Тое, што мы атрымалалі гэты адказ, ёсьць вялікай падтрымкай. Паколькі нашыя ўлады не адказваюць нам на нашыя пытаньні, то магчыма, што пад ціскам звонку яны задумаюцца над тым, што адбываецца ў краіне".

Афіцыйныя беларускія асобы пра міжнародную незалежную камісію не жадаюць нават чуць. Аляксандар Лукашэнка, прыкладам, называе гэта ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны.

Мяркуючы па асцярожным адказе ўплывовых асобаў з эўрапейскіх структураў, там усё ж яшчэ ня вызначыліся з тым, як паставіцца да ініцыятывы стварэньня міжнароднай камісіі. Пакуль Эўропа свой унёсак у расьсьледаваньне справаў Захаранкі, Красоўскага, Ганчара і Завадзкага абмяжоўвае заявамі на адрас беларускага кіраўніцтва.

Эўрапейцы ўсё заклікаюць беларускіх начальнікаў прадэманстраваць сапраўднасьць расьсьледаваньняў справаў зьніклых, але тыя разводзяць рукамі і кажуць, што суцяшальных вынікаў няма. А ў Беларусі пра вынікі расьсьледаваньняў увогуле маўчаць. У чарговы раз я спрабаваў высьветліць ў сьледчых Байковай і Чумачэнка, як ідуць расьсьледаваньні справаў Захаранкі і Ганчара з Красоўскім, і ў чарговы раз мне адказалі, што ніякіх кантактаў з прэсай ня будзе.

***

Ужо больш тыдня мінула, як судзьдзі пайшлі рыхтаваць прысуд у справе аб зьнікненьні Зьмітра Завадскага. Апошні дзень працэсу запомніўся скандальнай заявай адваката Завадзкіх Ігара Аксёнчыка, які абвінаваціў у датычнасьці да гэтага злачынства генэральнага пракурора Шэймана. Пасьля гэтага Аксёнчык зьнік, і больш пра яго нічога дагэтуль невядома.

Сьвятлана Завадзкая падчас нашай учорашняй тэлефоннай размовы пацьвердзіла, што ад таго часу ніякіх зьвестак ад Аксёнчыка не было. Тым ня менш, Завадзкая мяркуе, што Аксёнчык хаваецца недзе у Расеі. А ў пракутары мне паведамілі, што праверка паводле ягонай скандальнай заявы яшчэ вядзецца.


XS
SM
MD
LG