Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТ-САДЫСТ ДАСТАЎ ЧАТЫРЫ ГАДЫ ТУРМЫ


Любоў Лунёва, Менск

Опэрупаўнаважаны Сяргей Шамалаў пакараны за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Летась 28 траўня міліцыянт Шамалаў, каб дабіцца прызнаньня ў злачынстве, моцна зьбіў гумавай дубінкай падазраванага Ігара Жыцька. Судмэдэкспэртыза засьведчыла, што ў выніку атрыманых траўмаў у спадара Жыцька пагоршыўся стан здароўя.

Намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла пракамэнтаваў гэты прысуд Радыё Свабода:

(Паганяйла: ) “Нашая Фэміда даволі рэдка цешыць нас такімі прысудамі, калі прыцягнутыя да адказнасьці супрацоўнікі міліцыі караюцца ў адпаведнасьці зь іх “подзьвігамі”. Мы ведаем пра шматлікія выпадкі зьбіцьця затрыманых з мэтай прызнаньня віны, але на практыцы вельмі рэдка справы даходзяць да суду.

Калі звычайныя грамадзяне трапляюць у такія абставіны, то суды караюць іх больш жорстка. Службовыя асобы ў лепшым становішчы. Гэта характэрна для нашых судоў.

Цікава, што паводле закону службовыя асобы за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, калі яны дапусьцілі гвалтоўныя дзеяньні да чалавека, павінны карацца больш жорстка, чым звычайныя грамадзяне, якія папросту ўчынілі бойку. А насамрэч суд ужывае мінімальную меру пакараньня. Няма адэкватнай рэакцыі, альбо аднолькавай ацэнкі дзеяньняў звычайных грамадзянаў і службовых асобаў”.


XS
SM
MD
LG