Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ ПЕРАДАЛІ ЛІСТ, АДРАСАВАНЫ ДЖОРДЖУ БУШУ


Валеры Каліноўскі, Менск

Як паведаміла нашаму радыё Ірына Красоўская, жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, падчас сустрэчы з намесьнікам памочніка Дзяржсакратара Стывэнам Пайфэрам і кіраўніком аддзелу Беларусі, Малдовы, Расеі й Украіны Дзярждэпартамэнту Грэгам Пэратам абмяркоўвалася тэма палітычных рэспрэсіяў у Беларусі, сытуацыя з расьсьледаваньнем справаў зьніклых.

(Красоўская: ) “І паколькі мы не задаволеныя тым расьсьледаваньнем, якое праводзіцца тут, і не разьлічваем, што беларускія ўлады будуць праводзіць яго так, як трэба, альбо дапусьцяць сюды незалежных экспэртаў, што мы ўжо неаднаразова прапаноўвалі, таму ў сувязі з гэтым мы папрасілі спадара Пайфэра, па-першае, падтрымаць нашую спробу правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня.

А па-другое, мы перадалі спадару Пайфэру ліст для спадара Буша, каб ён узьняў пытаньне пра расьсьледаваньне справаў, што датычаць нашых мужоў на травеньскай сустрэчы са спадаром Пуціным. Таму што ў Пуціна ёсьць рэальная магчымасьць уплываць на палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі”, — сказала Ірына Красоўская.

Акрамя яе, ліст да прэзыдэнта Буша падпісалі Людміла Карпенка, Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар, Сьвятлана Завадзкая і Тацяна Клімава. Аўтары ліста мяркуюць, што праўда выявіцца толькі тады, калі міжнародная супольнасьць будзе працягваць настойваць на правядзеньні незалежнага міжнароднага расьсьледаваньня.

Вынікі размовы са Стывэнам Пайфэрам і Грэгам Пэратам ацэньвае Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) “Размова гэтая была дастаткова аптымістычнай для нас — можа, нашыя справы з дапамогай міжнародных структураў зрушацца зь мёртвай кропкі”.

Сёньня ж прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту сустрэліся зь вядомымі апазыцыйнымі дзеячамі: Вінцуком Вячоркам, Уладзімерам Ганчарыкам, Міхаілам Чыгіром, Паўлам Казлоўскім, Міколам Статкевічам. Беларускія палітыкі засьведчылі, што пасьля выбараў становішча ў краіне пагоршылася. Пра свае ўражаньні ад размовы распавядае Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Спадар Пайфэр пацьвердзіў вельмі ўмеркаваныя спадзевы, што ён пачуе ад кіраўніцтва лукашэнкаўскай улады цьвёрдыя гарантыі дэмакратызацыі ў самой Беларусі. Гэта адпавядае й нашым меркаваньням. Была выказаная таксама цвёрдая пазыцыя падтрымкі дэмакратычных сілаў і дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі”.

Стывэн Пайфэр цікавіўся ацэнкай сытуацыі з продажам беларускай зброі за мяжу. На гэта Павал Казлоўскі адказаў, што раней, да Лукашэнкі, была празрыстасьць гэтых паставак і выкарыстаньня атрыманых грошай, чаго цяпер няма. Уладзімер Ганчарык мяркуе, што трэба дабівацца празрыстасьці гэтага спэцыфічнага гандлю, і лічыць, што цяперашнім беларускім уладам “ня ўдасца схаваць шыла ў мяшку”.

А вось Андрэй Саньнікаў ня лічыць, што праблемы продажу беларускай зброі самыя важныя ў беларуска-амэрыканскіх адносінах на гэты момант. Ён браў удзел у сустрэчы супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў і незалежных СМІ:

(Саньнікаў: ) “Я хацеў бы тут падкрэсьліць, што ў прэсе ўжо прагучала, што нібыта галоўная мэта гэтага візыту — гэта высьвятленьне сытуацыі зь беларускім гандлем зброяй. Не. Тут мэта, як я лічу, іншая. Высокі прадстаўнік Дзярждэпартамэнту пасьля выбараў упершыню наведвае Беларусь, каб праглядзець, што тут зьмянілася, якая сытуацыя зараз. Відавочна, што яго турбуе найперш сытуацыя з правамі чалавека. І гэтыя пытаньні ўздымаліся падчас нашых сустрэчаў”.

На думку Саньнікава, пераменаў да лепшага ў Беларусі не адбылося, сытуацыя з правамі чалавека пагоршылася.

XS
SM
MD
LG