Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ЎДЗЕЛ У ШЭСЬЦІ Ў ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА ВАСІЛЬ ПАРФЯНКОЎ ПАКАРАНЫ 10 СУТКАМІ АРЫШТУ


Любоў Лунёва, Менск

Андрэя Казлова, студэнта другога курсу пэдагагічнага ўнівэрсітэту, які вучыцца на платным аддзяленьні, суддзя Аксана Рэлява пакарала штрафам дваццаць пяць мінімальных заробкаў (гэта 250 000 рублёў). Разам з Андрэем у судовай залі быў ягоны бацька. Ён абураны такім прысудам.

(Бацька:) "Канечне, гэты штраф не суадносіцца ні зь мінімальным заробкам, ні зь сярэднім у дзяржаве. Усё ж павінна неяк адпавядаць адно аднаму? Магчыма, гэта нават больш жорсткае пакараньне ў параўнаньні з суткамі арышту. Я лічу, што ўвогуле несправядліва караць за шэсьце ў дзень сьвятога Валянціна. Гэтае сьвята адзначаецца ва ўсёй Эўропе. Відаць, улады кіруюцца выказваньнямі Лукашэнкі, калі ён паабяцаў, што за цывілізаваным сьветам нас не павядзе. Ён разлічвае павесьці нас у іншым накірунку, але моладзь, безумоўна, гэтага не жадае."

Нагадаем, што ўчора лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец быў таксама пакараны штрафам, але ў тры мільёны рублёў. Мы зьвярнуліся па камэнтар да адвакаткі Мар'яны Дзямешкі:

(Дзямешка: ) "На мой погляд, памеры штрафаў зьяўляюцца неабгрунтавана высокімі. Трэба адзначыць той бясспрэчны факт, што паводле гэтага артыкулу прыцягваюцца ў асноўным маладыя людзі: студэнты, школьнікі. Яны маюць альбо маленькую стыпэндыю альбо й яе ня маюць. Памеры штрафаў зь іх фінансавым становішчам ніяк не суадносяцца.

У адміністрацыйным кодэксе за іншыя правапарушэньні прадугледжаныя значна меншыя памеры штрафаў. Можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, заканадаўца масавыя мерапрыемствы лічыць больш небясьпечнымі для грамадзкасьці. Каб атрымаць пакараньне, дастаткова папросту ўдзельнічаць у акцыі. Нават, калі насамрэч не было ніякага парушэньня грамадзкага парадку. Я лічу, што ніякім чынам ня ўлічваецца матэрыяльнае становішча.

Навогул, гэты 167 артыкул занадта жорстка рэглямэнтуе правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Тым больш, што нядаўна былі прынятыя дадаткі ў атрыкул, дзе пашырылі пералік розных мерапрыемстваў, у тым ліку й рэлігійных і спартовых."

Мар'яна Дзямешка лічыць, што артыкул мае выразную палітычную скіраванасьць. "Перш за ўсё, гэта жорсткі кантроль з боку дзяржавы над гэтымі акцыямі. Але практыка паказвае, што належнага эфэкту гэта пакуль не дало".

Васіля Парфянкова суддзя Аксана Рэлява арыштавала на 10 сутак. Перад ад'ездам у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна Васіль пасьпеў сказаць некалькі словаў:

(Парфянкоў: ) “Нягледзячы на прысуд, я ўсё адно буду ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях і працягваць варту ў Курапатах. Мяне не запалохаюць ніякія судовыя прысуды. Я ўсё роўна са свайго шляху ніякім чынам не зьвярну, буду ісьці па ім да канца”.

Гэта быў апошні прысуд у справе затрыманых за сьвяткаваньне Дня сьвятога Валянціна. Менавіта столькі каштуе моладзі шпацыр 14 лютага па менскіх вуліцах. Больш за дваццаць падлеткаў яшчэ будуць судзіць у камісіях у справах непаўнагадовых у выканкамах. Іх бацькі таксама павінны заплаціць штрафы за тое, што іх дзеці хочуць жыць у Эўропе.
XS
SM
MD
LG