Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ ДЗЯЦЕЙ-СІРОТАЎ ПРЫ ЖЫВЫХ БАЦЬКАХ


Галіна Абакунчык, Менск

Аднак праблема сіроцтва ў Беларусі яшчэ доўга будзе заставацца вельмі вострай: штогод без бацькоў застаюцца пяць тысячаў дзяцей. Гэта найвялікшы паказчык сярод краінаў СНД. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што пераважная бальшыня зь іх - народзіць новае пакаленьне сацыяльных сіротаў.

На сёньня 30 тысячаў дзяцей у Беларусі - сіроты пры жывых бацьках. Толькі ў адным дзіцячым доме №7 Менску са 103 непаўнагадовых жыхароў 95 - сацыяльныя сіроты. І цяпер малыя спаборнічаюць, каму называць мамай улюбёную выхавацельку.

(Малыя дзеці:) "Гэта мая мама. Не мая."

(Карсэпандэнтка:) "Чым вы любіце займацца найлепш?"

(Старэйшыя дзеці:) "Тэнісам, вывучаць мовы, займацца ў музычным гуртку."

(Карэспандэнтка:) "Дзе вам лепш: дома ці тут?"

(Дзеці:) "Дом ёсьць дом. Але нам тут добра. Гэта таксама наш дом."

(Малыя дзеці:) "Тут наша мама."

Гэтым дзяцям яшчэ пашанцавала, бо дзіцячы дом №7 Менску - адзіны ў Беларусі сацыяльны прытулак, дзе малыя жывуць ва ўмовах, набліжаных да сямейных. Будынак падзелены на так званыя кватэры з пакоямі, разьлічанымі на два чалавекі, тут ёсьць трэнажорная й кампутарная залі, працуюць мастацкія гурткі. Але вонкавыя даброты не здымаюць праблемы сіроцтва: горш за дзіцячы дом нічога няма - гаворыць дырэктарка Жана Рамановіч.

Да прыкладу, штодзённае харчаваньне на кожнага разьлічанае на 1,5 тысячы рублёў, а каб задаволіць біялягічныя патрэбы дзіцяці - неабходна ня менш за 3 тысячы. Гаворыць Жана Рамановіч.

(Раманович:) "Ёсьць натуральныя нормы й грашовыя. И сёньня яны ня супадаюць. У горадзе вельмі складана атрымаць кавалак зямлі, але я не губляю надзеі, што мы яго атрымаем, каб працаваць і карміць сябе."

Аднак сапраўдныя праблемы зьяўляюцца, як толькі малыя заканчваюць сярэднюю школу. Галоўная - працаўладкаваньне. Гаворыць Жана Рамановіч.

(Рамановіч:) "Мы гучна гаворым, што ёсьць кватэраваньне працоўных месцаў, але на практыцы працаўладкаваць 16-гадовага падлетка немагчыма. Бо на прадпрыемствах разумеюць, што сіротам патрэбна выдзяляць жыльлё. Атрымоўваецца замкнёнае кола: сацыяльныя сіроты нараджаюць сацыяльных сіротаў."

Пераважная бальшыня выхаванцаў дзіцячых домоў, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, вяртаюцца ў ранейшыя сем"і: іх ізноў прыпісваюць на жылую плошчу сваякоў, якія найчасьцей вядуць асацыяльны лад жыцьця.

Яны ня могуць гэтаму супрацьстаяць і паўтараюць лёс сваіх бацькоў. Да прыкладу, у Расеі такім дзецям выдзяляюць асобнае сацыяльнае жыльлё. У Беларусі дзяржава ня можа сабе дазволіць гэта з эканамічных прычынаў. Магчымым выйсьцем з такога становішча можа стаць усынаўленьне. Але й гэта беларусы ня могуць сабе гэтага дазволіць: паводле статыстыкі, за рысай беднасьці жывуць 47 адсоткаў сем"яў, якія маюць 1 дзіця, 58 - двое дзяцей, і 83 адсоткі, якія маюць трое і больш дзяцей.

XS
SM
MD
LG