Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САВЕЦКІМ РАЁННЫМ СУДЗЕ МЕНСКУ СУДЗІЛІ ЗАТРЫМАНЫХ УДЗЕЛЬНІКАЎ МОЛАДЗЕВАЙ АКЦЫІ НА ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА


Любоў Лунёва, Менск

Андрэй Казлоў у судовай залі паведаміў, што які б ні быў прысуд, ён не паўплывае на ягонае рашэньне ўдзельнічаць у моладзевых апазыцыйных акцыях.

(Казлоў: ) “У РУУСе нас трымалі доўгі час, а потым яшчэ на Акрэсьціна паўсутак. Я першы раз трапіў у такія абставіны. Крыху было страшна. Нягледзячы на ўсё гэта, буду ўдзельнічаць у акцыях, таму што мяне вельмі раззлавала тое, як затрымлівалі людзей ля плошчы Якуба Коласа. Вось, напрыклад, адной жанчыне сказалі, што калі яна ня здыме бел-чырвона-белы шалік, то яе задушаць гэтым шалікам. Я буду хадзіць на мітынгі, каб у нас не было такіх міліцыянтаў”.

Справу Зьмітра Дашкевіча судзьдзя таксама перанесла на заўтра з прычыны няяўкі аднаго са сьведкаў. Яму слова:

(Дашкевіч: ) “У РУУСе са мной абыходзіліся вельмі жорстка. Прыкавалі кайданкамі да батарэі. Мяне зьбіваў і зьдзекаваўся зь мяне палкоўнік Гуранкоў. Ён вельмі жорсткі чалавек. Ён біў па твары, па нагах, казаў, што зараз нас усіх паб’юць, што мы зьверы. Я мяркую, што ён знарок біў мяне далонямі па твары — каб не было пабоеў. Толькі ў спэцпрыёмніку са мной добра абыходзіліся. Нягледзячы на прысуд, я буду ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях Маладога Фронту”.

Адміністрацыйную справу Васіля Парфянкова судзьдзя накіравала ў РУУС Савецкага раёну Менску, каб там перарабілі пратакол. Паколькі Васіль ужо быў пакараны за абарону Курапатаў у лістападзе, то гэтым разам міліцыянты павінны былі скласьці пратакол па другой частцы 167 артыкула. За гэта прадугледжанае больш жорсткае пакараньне.

Заўтра будуць судзіць лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Яму пагражае арышт на некалькі сутак у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Нагадаем, што апошні раз Павал Севярынец правёў некалькі сутак у сумнавядомай установе летась у лістападзе — за абарону Курапатаў.

XS
SM
MD
LG