Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ СТВАРАЮЦЬ САЮЗ ПАЦЯРПЕЛЫХ АД СЁНЬНЯШНІХ УЛАДАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Новая арганiзацыя мае намер зарэгiстравацца пад наступнай назвай - Берасьцейскi Саюз Салiдарнасьцi звольненых рэжымам. У арганiзацыйны камiтэт па стварэньні гэтага аб'яднаньня ўвайшлi кiраўнiкi грамадзкiх i партыйных суполак, якiя апошнiм часам - ужо пасьля прэзыдэнцкiх выбараў - пазбавiлiся працы за свае палiтычныя погляды. Сярод заснавальнiкаў Саюзу Салiдарнасьцi - старшыня Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Беларускага Гельсынкскага Камiтэту Iгар Маслоўскi, кiраўнiк гарадзкой арганiзацыi БСДП (Народная Грамада) Георгi Руцкi, старшыня гарадзкой рады партыi БНФ "Адраджэньне" Яўген Бяласiн.

Пра мэты, якiя ставiць перад сабой новая арганiзацыя, распавядае Iгар Маслоўскi.

(Маслоўскi: ) "Па-першае, мы павiнны паказаць грамадзкасьцi i нават самiм уладам, што людзi, якiя звольненыя з працы, ня тое, што выкiнутыя на вулiцу, а згуртаваныя на прынцыпах салiдарнасьцi i ўзаемадапамогi. Яны працягваюць актыўна займацца палiтычнай i грамадзкай сваёй справай. I зараз гэта ўжо будзе адбывацца фактычна на прафэсiйным узроўнi. На маю думку, чым больш такiх людзей будзе займацца гэтым прафэсiйна - будзе больш карысьцi".

Сябры аргкамiтэту па стварэньні новага аб'яднаньня заяўляюць, што гэтая арганiзацыя будзе супрацьдзейнiчаць гвалту з боку дзяржаўных структураў у адносiнах да палiтычна- i грамадзкаактыўных людзей. Арганiзацыя таксама плянуе аказваць канкрэтную дапамогу асобам, якiя звольненыя з працы па палiтычных матывах, iнфармаваць беларускую i мiжнародную супольнасьць аб парушэньнях палiтычных i грамадзянскiх правоў у берасьцейскiм рэгiёне.

Зараз распрацоўваецца палажэньне, якое павiнна дакладна адказаць на пытаньне - хто можа зьяўляцца сябрам арганiзацыi. Паводле словаў спадара Маслоўскага, колькасны склад можа iстотна павялiчыцца, бо зараз iснуе шмат прыкладаў, калi людзей звальняюць па фармальных падставах.

Разам з тым сябры аргкамiтэту гавораць, што пасьля вяртаньня беларускай дзяржавы ў дэмакратычныя прававыя рамкi, Берасьцейскi Саюза Салiдарнасьцi звольненых рэжымам будзе падлягаць самароспуску.


XS
SM
MD
LG