Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД 3 ДА 7 ГАДОЎ ТУРМЫ ЗАПАТРАБАВАЎ ПРАКУРОР ДЛЯ БЫЛЫХ СЬЛЕДЧЫХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле назіральнікаў, гэты працэс у Кастрычніцкім судзе Менску шмат у чым беспрэцэдэнтны. На ім судзяць адразу пяцёх сьледчых, якія паводле сьведак зьбівалі падсьледных, адбіралі ў іх кватэры, займаліся незаконнымі валютнымі апэрацыямі ды яшчэ і спрабавалі паквітацца з тымі, хто меў мужнасьць заявіць пра іхныя дзеяньні.

Пракурор Аляксандар Сіняк, распачынаючы сёньня судовыя слуханьні, заявіў, што віна міліцыянтаў была цалкам даказаная. Пракурор папрасіў пакараць былых сьледчых Першамайскага райаддзелу пазбаўленьнем волі ў турмах ўзмоцненага рэжыму на даволі значныя тэрміны. Самы большы тэрмін – 7 гадоў, ён запатрабаваў для былых апэратыўнікаў Сяргея Бурдыкі і Ўладзімера Крамсаева. Апошні, дарэчы, пасьля ўзбуджэньня супраць яго крымінальнай справы з райаддзелу быў пераведзены ў гарадзкую ўправу міліцыі.

6 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці, паводле пракурора, заслугоўвае былы ўчастковы Мікалай Ліпскі, якога абвінавачваюць у гандлі валютай і захоўваньні боепрыпасаў. Для астатніх абвіначаных пракурор прасіў ад 3 да 5 гадоў турмы.

Аляксандар Сіняк казаў пра вялікую сацыяльную небясьпеку таго, што зьбіваньне сьледчымі падсьледных можа стацца нормай, і праводзіў гістарычныя паралелі з рэпрэсіямі савецкага часу. Пракурор спасылаўся на сьведчаньні 10 пацярпелых і іхных сваякоў, якія пацьвердзілі ў судзе, што іх зьбівалі і нават гвалтавалі, каб прымусіць агаварыць сябе. Таксама пракурор спасылаўся на дадзеныя экспэртызаў.

Другой надзвычайнай рысай працэсу сталі паводзіны абвінавачаных. Яны дагэтуль вядуць сябе вельмі самаўпэўнена, віны не прызнаюць і нават пагражаюць пацярпелым і сьведкам. Дайшло да таго, што пра ціск на сябе публічна заявіла судзьдзя Маргарыта Рыштоўская. Паводле дасьведчаных крыніцаў, на адным зь нядаўніх паседжаньняў яна сказала, што будзе вымушаная скарыстацца 390-ым артыкулам Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае 5-гадовае турэмнае пакараньне за незаконнае ўздзеяньне на судзьдзю.

Паводле крыніцаў, судовыя слуханьні на гэтым закрытым працэсе працягнуцца яшчэ некалькі дзён, а потым яшчэ прынамсі тыдзень суд будзе рыхтаваць рашэньне. Прагназуюць, што прысуд будзе адрозьнівацца ад прапаноў пракурора, паколькі многія ўплывовыя міліцыянты салідарныя з абвінавачанымі калегамі і аказваюць ім падтрымку.
XS
SM
MD
LG