Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНДАЛЬ БЕЛАРУСКІМІ ЖАНЧЫНАМІ – ГЭТА РЭАЛЬНАСЬЦЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Пасьля вяртаньня на радзіму бальшыня гэтых жанчын не зьвяртаецца па дапамогу ў дзяржструктуры з боязі перасьледу праваахоўчых органаў. Каб папярэдзіць гандаль беларускамі, “Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын” прапануе далучыцца да міжнароднай праграмы “Ла Страда” ў справе папярэджаньня гандлю жанчынамі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Тры тысячы жанчын, якія адважыліся шукаць лепшай долі за межамі Беларусі й сталі ахвярамі гандлю людзьмі — такую лічбу называюць праваахоўчыя органы. Хоць і прызнаюць, што ў сапраўднасьці ахвяр значна больш.

Паводле Ірыны Альхоўкі, такіх жанчын — сотні тысяч. Дастаткова сказаць, што нават у пэрыфэрыйных беларускіх райцэнтрах сёньня працуюць нелегальныя пункты вэрбоўкі. У сьвеце ж гандаль людзьмі займае трэцяе месца ў крымінальным бізнэсе — пасьля продажу зброі й наркотыкаў. Прычынай гэтай праблемы ў нашай краіне праваахоўнікі называюць разводы й агульнае падзеньне нораваў. Інакш мяркуе Ірына Альхоўка.

(Альхоўка: ) “Эканамічная прычына — самая галоўная. Няма чым карміць дзяцей. Вось нам тэлефануюць жанчыны й кажуць: мы ведаем, што праца нелегальная, у мяне адна пара чаравікоў на дваіх дзяцей — што мне рабіць? А прадстаўнікі ўладных структураў адстойваюць дзяржаўнае гледзішча. І ў гэтым, на жаль, мы зь дзяржаваю разыходзімся”.

Паводле словаў спадарыні Альхоўкі, у пераважнай бальшыні ў вымушаных эмігрантак вельмі нізкая прававая культура, яны ня дужа абачліва выбіраюць “фірмы–працадаўцы”, ня здольныя кантраляваць законнасьць афармленьня дакумэнтаў. І гэта выкарыстоўваюць махляры–вэрбоўцы.

Бывае, што жанчын запалохваюць і шантажуюць, а за мяжой без дакумэнтаў яны маюць вялікі шанец увогуле зьнікнуць бясьсьледна. Да прыкладу, толькі летась і толькі ў ЗША зьніклі 60 тысяч жанчын з краінаў СНД.

Традыцыйнымі ж краінамі міграцыі зьяўляюцца Нямеччына, Ірляндыя й Італія. Тыя, каму пашчасьціла вярнуцца з сучаснага рабства, застаюцца сам-насам з праблемамі вэнэрычных захворваньняў, наркатычнай залежнасьці ці псыхічных разладаў. На дапамогу сваёй дзяржавы ахвяры гвалту не разьлічваюць. Гаворыць юрыст Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Ахвяры гэтага злачынства (як, зрэшты, і іншых) ня вельмі давяраюць дзяржаўным органам. Бо калі жанчына прыходзіць і кажа, што яна ахвяра гандлю, то на яе глядзяць як на звычайную прастытутку. І замест абароны чалавек можа толькі нажыць праблемы. Таму гэтай абароны шукаюць у грамадзкіх арганізацыях, дзе хоць стаўленьне да іх будзе людзкае”.

Праграму “Ла Страда Беларусь 2002–2004: Прадухіленьне гандлю жанчынамі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе” Беларуская асацыяцыя хрысьціянскіх жанчын будзе праводзіць супольна з польскім Фондам барацьбы з гандлем жанчынамі, а таксама з калегамі Чэхіі, Украіны, Баўгарыі, Галяндыі ды іншых краінаў.
XS
SM
MD
LG