Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕЛАРУСЬ ВЯРТАЕЦЦА ПРАКТЫКА ПСЫХІЯТРЫЧНАГА ПЕРАСЬЛЕДУ ІНШАДУМЦАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былога дырэктара аб'яднаньня "Атлянт" Леаніда Калугіна яшчэ доўга могуць прымусова трымаць у псыхіятрычнай лякарні "Навінкі". Гэтага не выключаюць ягоныя абаронцы Аляксандар Пыльчанка і дачка Ірына. Яны выказваюцца супраць утрыманьня Калугіна ў псыхушцы, бо лічаць яго цалкам здаровым чалавекам.

Паводле адваката Пыльчанкі, знаходжаньне Калугіна ў "Навінках" не дапамагае расьсьледаваньню ягонай крымінальнай справы. "Усе сьледчыя дзеяньні з удзелам майго падабароннага ўжо амаль месяц як спыніліся, справа фактычна стаіць, а тое, што сьледчыя дамагліся падаўжэньня тэрміну ўтрыманьня яшчэ на тры месяцы, кажа выключна пра спробу ціску на невіноўнага чалавека", — сьцьвярджае адвакат Пыльчанка.

Ягонае апошняе хадайніцтва ў пракуратуру, каб Калугіна забралі з "Навінак" і вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, адхілілі, як і ўсе папярэднія.

Дачка Калугіна Ірына, якой дазволілі быць абаронцай бацькі, ужо некалькі разоў сустракалася зь ім ў псыхіятрычнай лякарні. Яна пацьвярждае зьвесткі пра тое, што Леанід Калугін здаровы, аднак адмаўляецца паведаміць больш дэталёва пра цяперашні стан свайго бацькі.

(Ірына Калугіна: ) "Нармальна ён адчувае, нармальна. Але больш я нічога сказаць не магу. Я разумею, што гэта гучыць па-дзікунску, але прыміце ўсё як ёсьць", — сказала мне дачка Калугіна Ірына.

Ня больш разгаворлівай была і жонка Калугіна Людміла. Зьмяшчэньне мужа ў "Навінкі" яна назвала зьдзекам і паклалала слухаўку.

“Сваякі арыштаваных звычайна ня вельмі ахвотна кантактуюць з журналістамі, бо баяцца, што гэта яшчэ больш ім пашкодзіць”, — гэтак пракамэнтавала паводзіны сваякоў Леаніда Калугіна вядомая адвакатка Вера Страмкоўская.

Паводле яе назіраньняў, зьмяшчэньне арыштантаў у псыхушкі мае наступствам яшчэ большую боязь людзей перад уладамі, бо з савецкага часу ўсім добра вядома — з псыхушкі можна ўвогуле ніколі ня выйсьці.

(Страмкоўская: ) "Здаровы чалавек у выніку ўсяго гэтага можа стаць псыхічным інвалідам і ніколі адтуль ня выйсьці, а праз суд абскардзіць такое лячэньне немагчыма, бо ў нас няма незалежнага суду".

Паводле адвакаткі Страмкоўскай, прайшоў час казаць пра тое, што ў Беларусі аднавілася савецкая практыка ціску на грамадзянаў празь незаконнае зьмяшчэньне ў псыхушкі.

Адных перасьледуюць за іншадумства і зьмяшчаюць ў псыхушкі, каб пакараць — прыкладам, двойчы гэтак абыходзіліся з Васілём Старавойтавым. Другіх — як маладога чалавека Аляксандра Караваева — на два гады "пакінулі" ў псыхіятрычнай лякарні, каб ён прызнаў сябе вінаватым у крымінальным злачынстве. Страмкоўская не выключае, што з гэтай жа мэтай разьмесьцілі ў "Навінках" і былога дырэктара "Атлянту" Леаніда Калугіна.

(Страмкоўская: ) "Прыцягненьне людзей да прымусовага псыхіятрычнага лячэньня ёсьць нейкім мэханізмам, які дзяржава выкарыстоўвае супраць іншадумцаў. І асаблівую занепакоенасьць гэтая практыка выклікае таму, што яна можа стаць вельмі шырокай, як у час Савецкага Саюзу, калі людзі нічога не маглі гэтаму супрацьпаставіць".

На думку Страмкоўскай, адвакатам і беларускай грамадзкасьці трэба дамагацца пільнага грамадзкага кантролю над дзеяньямі карных органаў у галіне выкарыстаньня псыхіятрычнага лячэньня, каб яно не было зброяй супраць тых, хто не задаволены цяперашнімі парадкамі.
XS
SM
MD
LG