Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ НЯМА ЗАКОНУ АБ РЭАБІЛІТАЦЫІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Ганна Соусь, Менск

Зь Зінаідай Тарасевіч, прэзыдэнтам Беларускай Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, мы сустрэліся ў адной зь менскіх школаў, дзе яна працуе пасьля выхаду на пэнсію. Спадарыня Зінаіда папрасіла мяне не казаць нікому ў школе, што яна ўзначальвае гэтую арганізацыю, бо баіцца, што з гэтай прычыны можа згубіць працоўнае месца.

Дарэчы, з гэтым страхам яна пражыла ўсё жыцьцё. Гэты прыклад паказвае, як цяпер адчуваюць сябе ў грамадзтве былыя вязьні ГУЛАГу. Гаворыць Зінаіда Тарасевіч:

(Тарасевіч: ) “Вярхоўны Савет 12-га й 13-га скліканьняў не прыняў Закон аб рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Але былі прынятыя заканадаўчыя акты. Сёньня яны ёсьць, але як іх прынялі, так іх могуць і адмяніць. У 1992–93 гадах людзям далі трошкі льготаў, рэабілітавалі гэтых людзей. А потым у 1995-м годзе пайшоў адкат назад, і гэта ўсё адмянілі. Апошнім часам нават забралі апошнюю льготу — на лекі”.

А нядаўна ў пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў пачалі адбіраць і арыгіналы даведак аб рэабілітацыі. Зінаіда Тарасевіч працягвае:

(Тарасевіч: ) “У паштовыя скрыні пачалі кідаць паперкі — зьявіцца ў райсабес і вярнуць даведкі аб рэабілітацыі. Людзі, канечне, не пагаджаліся. Тады сказалі, што не дадуць гэтай надбаўкі да пэнсіі. Наш народ такі — сказалі, значыцца трэба рабіць. І без аглядкі ўсе так і панесьлі гэтыя даведкі — Шаціла Марыя Адольфаўна, Алег Іванавіч Табола, Маркевіч Ірына Аляксандраўна. Ва ўсіх адабралі. Проста каб зьнішчыць памяць, каб у сям’і не пакінуць ніводнай паперы”.

Зінаіда Тарасевіч нарадзілася ў ГУЛАГу, і яна адзіная засталася жывая з усяго роду. Спадарыня Зінаіда дагэтуль памятае свае пачуцьці, калі адбылася рэабілітацыя.

(Тарасевіч: ) “Калі адбылася рэабілітацыя, неяк я як распрамілася, мне стала проста лягчэй дыхаць. Куды ні пойдзеш, скажаш, што рэпрэсаваны, то неяк і паглядзяць на цябе, і паспачуваюць, але потым...”

А цяпер Зінаіда Тарасевіч нават баіцца сказаць пра гэта свайму школьнаму начальству.

Доктар гістарычных навук прафэсар Георгі Штыхаў быў першым кіраўніком Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэспрэсіяў, якая была створаная ў 1992 годзе. У свой час ён спрабаваў узьняць пытаньне аб тым, каб беларусы атрымалі сваю долю ўласнасьці, калі прыватызаваліся буйныя расейскія прадпрыемствы.

(Штыхаў: ) “Беларусы ў ГУЛАГу гарады пабудавалі, пабудавалі заводы, на чыгунках працавалі. І як была прыватызацыя ў Расеі, я казаў, каб нейкую долю вярнулі. А то хто прысвоіў? Алігархі нейкія... А гэтыя што? Ніхто тады й слухаць не захацеў”.

Бацька Георгія Штыхава — сельскі настаўнік Васіль Штыхаў у 1930-я гады быў асуджаны двойчы, загінуў ён у ГУЛАГу. Георгі Штыхаў зьмясьціў пра свайго бацьку артыкул у кнізе “Памяць”.

(Штыхаў: ) “У нас выходзяць кнігі “Памяць” па кожным раёне. Раней мы ставілі такое пытаньне — каб у гэтых кнігах былі адведзеныя старонкі рэпрэсаваным, якія загінулі. І ў нейкай ступені гэта ажыцьцяўляецца. Цяпер амаль у кожнай кнізе ёсьць такія старонкі, але яны вельмі й вельмі няпоўныя”.

Што цяпер трэба рабіць у Беларусі, каб ушанаваць памяць бязьвінных людзей, пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў за савецкім часам? Вось меркаваньне Зінаіды Тарасевіч:

(Тарасевіч: ) “Хацелася б, каб быў пастаўлены помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Мы зайздросьцім расейцам, яны могуць падысьці да Салавецкага камня. Мы зайздросьцім казахстанцам, там ёсьць мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Хацелася б, каб гэтых людзей ведала Беларусь. Трэба вярнуць Беларусі іх імёны”.
XS
SM
MD
LG