Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫНА СТАРШЫНІ МЕНСКАГА ГАРАДЗКОГА СУДУ, ЯКІ ЗАБІЎ ЖАНЧЫНУ, ЛІЧАЦЬ НЕВІНОЎНЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На суд над забойцам ягонай жонкі мянчук Юры Чацьвярухін зьбіраецца пайсьці з 10-гадовай дачкой Сашай. З кастрычніка мінулага году, калі ейная маці Ніна Чацьвярухіна загінула пад коламі аўтамабіля, дзяўчынка ні на крок не адыходзіць ад бацькі — нават хоча хадзіць зь ім на завод.

Аднак ці будзе суд, яшчэ невядома. Верагодна, працэсу ня будзе, бо крымінальная справа закрытая. Хаця дакладна высьветлілі, што 21-гадовы кіроўца міжгарнізоннай пракуратуры Фёдар Ардзяка, які зьбіў Ніну Чацьвярухіну, парушыў правілы дарожнага руху. Тым ня менш у ягоных дзеяньнях не знайшлі ніякай віны.

Юры Чацьвярухін лічыць, што парушальніку даравалі зусім зь іншых прычынаў. Галоўнай сярод іх ён называе сваяцтва са старшынём гарадзкога суду Міхаілам Ардзякам. Вось што Юры Чацьвярухін распавёў пра падзеі, у выніку якіх загінула ягоная жонка:

(Чацьвярухін: ) “Фёдар Ардзяка ехаў зь перавышэньнем хуткасьці. Там знак вісіць 50 кілямэтраў, а ён ехаў з хуткасьцю 70,9 кілямэтраў. Ягоная віна відавочная, але вось зрабілі так, што не вінаваты. Магчыма таму, што ягоны бацька — старшыня Менскага гарадзкога суду”.

Між тым сьледчы Аляксандар Васілюк, які вёў крымінальную справу, пераконваў мяне, што сваяцкія сувязі кіроўцы Ардзякі і той факт, што гэта быў аўтамабіль вайсковай пракуратуры, для яго значэньня ня мелі.

(Васілюк: ) “Перад законам усе роўныя, вы пэўна гэта ведаеце ня горш за мяне. Жанчына спрабавала перайсьці вуліцу не па пешаходным пераходзе, а літаральна перад аўтамабілем. Экспэрт даў заключэньне, што хуткасьць аўтамабіля ня мела розьніцы — ці 70, ці 170, ці 30 кілямэтраў у гадзіну, усё роўна кіроўца не пасьпеў бы спыніцца. Такім чынам, парушэньне правілаў сапраўды было, але яно ня стала прычынай наезду на пешахода”, — лічыць сьледчы Васілюк, які закрыў справу аб сьмерці Ніны Чацьвярухінай.

Сьледчы Васілюк паведаміў , што зь ягонымі высновамі пагадзіўся ягоны начальнік і вайсковы пракурор.

Адвакаты, да якіх зьвярнуўся па дапамогу Юры Чацьвярухін, кажуць, што гэта даволі тыповы выпадак. Звычайна вінаватымі прызнаюць кіроўцаў, калі ўдаецца даказаць, што яны вялі аўтамабіль зь перавышэньнем хуткасьці альбо былі нецьвярозыя. Вынік на карысьць вадзіцеля , паводле назіраньняў адваката Веры Страмкоўскай, здараецца вельмі рэдка і выключна тады, калі за рулём аказваецца нейкі начальнік альбо ягоны сваяк. Выпадак зь Нінай Чацьвярухінай Страмкоўская лічыць чарговым пацьверджаньнем гэтага правіла.

(Страмкоўская: ) “Я так лічу, што тут спрацавала тое, што вінаваты ёсьць кіроўцам міжгарнізоннага пракурора і што ягоны бацька — старшыня Менскага гарадзкога суду”.

Сёньня Юры Чацьвярухін і ягоная адвакатка Вера Страмкоўская накіравалі ў пракуратуру скаргу на пастанову сьледчага, які закрыў крымінальную справу. Яны лічаць, што справу паводле сьмерці Ніны Чацьвярухінай трэба расьсьледаваць зноў, а ці вінаваты вадзіцель у сьмерці чалавека — павінен вырашаць суд.
XS
SM
MD
LG