Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВАМІ ЗЬНІКЛЫХ НІХТО НЕ ЗАЙМАЕЦЦА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня міністар Уладзімір Навумаў распавёў журналістам, як міліцыя змагаецца са злачыннасьцю, і адначасова выказаўся пра расьсьледаваньні справаў зьніклых апазыцыянэраў ды пра апошнія арышты дырэктараў буйных заводаў.

Навумаў згадаў, як на нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён распавёў пра расьсьледаваньні крымінальных справаў, якія лічацца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы. Вось што міністар паведаміў пра гэты сьпіс:

(Навумаў: ) “Сьпіс злачынстваў, якія стаяць на асаблівым кантролі прэзыдэнта, адкрывае крадзеж у буйных памерах у Асіповіцкім раёне. Вінаватых у гэтым мы шукаем з 1994 году”.

А вось што тычыцца выкраданьняў вядомых апазыцыянэраў — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, то як высьветлілі журналісты, такіх справаў у міліцэйскім сьпісе, які кантралюе Лукашэнка, няма.

Міністар Навумаў ня выказаў заклапочанасьці апошняй хваляй арыштаў кіраўнікоў вядомых прадпрыемстваў. Арышт дырэктара МТЗ Лявонава, дырэктара “Атлянту” Калугіна і справу на кіраўніка Беларускай чыгункі Рахманька міністар не ўспрымае як кампанію запалохваньня вядучых гаспадарнікаў.

(Навумаў: ) “Хто сумленна працуе, той не баіцца. Няма сэнсу баяцца, калі ў цябе ўсё добра. А вось тыя, хто на дзяржаўным прадпрыемстве працуе на самаго сябе, тыя хай баяцца. Калі такіх будзе выяўлена і больш за 15, яны ўсе будуць прыцягвацца да адказнасьці”, — запэўніў журналістаў Уладзімер Навумаў.

Ён паведаміў, што летась праваахоўчыя органы раскрылі больш чым 900 фактаў хабарніцтва сярод кіраўнікоў. Але ўсё роўна становішча ў грамадзтве Навумаў ня лічыць “нестандартым”.

Паводле Ўладзімера Навумава, расьсьледаваньне справы Зьмітра Завадзкага прыпыненае, бо ідзе суд над магчымымі яго выкрадальнікамі. “Мы ж ня можам цяпер дапытваць таго ж Ігнатовіча, куды ён падзеў Завадзкага, бо ідзе судовае разьбіральніцтва”, — патлумачыў міністар. Ён ведае, што даказаць віну Ігнатовіча будзе нялёгка, аднак спадзяецца на гэта і запэўнівае, што пасьля суду пошукі Завадзкага працягнуцца.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі я задаў Уладзімеру Навумаву некалькі дадатковых пытаньняў — у прыватнасьці, пацікавіўся, як ён тлумачыць тое, што Ігнатовіч, які ваяваў на баку чачэнцаў, быў пасьля ўзнагароджаны расейскімі вайскоўцамі. Міністар адказаў, што ня ведае пра такі факт. Таксама ён прызнаўся, што не цікавіўся заявамі зьбеглых за мяжу Генадзя Ўгляніцы, Андрэя Жарнасека і былога начальніка менскага сьледчага ізалятару Алега Алкаева адносна справаў зьніклых.

(Навумаў: ) “Я ведаю шмат людзей, якія калі зьяжджаюць туды, пачынаюць потым нешта сваё дадумваць, каб апраўдаць тое, што яны зьехалі”, — гэтак патлумачыў адсутнасьць інтарэсу да зьвестак, якія паведамляюць гэтыя людзі, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў.

XS
SM
MD
LG