Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ І РЭПРЭСАВАНЫХ ЗЬВЯРТАЮЦЦА ДА ПОЛЬСКАГА ПРЭЗЫДЭНТА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Мы, жонкі беларускіх апазыцыйных дзеячаў, ведаючы спадара Прэзыдэнта як прыхільніка дэмакратычных каштоўнасьцяў, зьвяртаемся з просьбай аб дапамозе. Просім, у часе спатканьня з прэзыдэнтам Пуціным, пры магчымасьці, закрануць пытаньне пра тых апанэнтаў рэжыму, што загінулі, зьніклі ці знаходзяцца зараз у турмах, пра ўдзел у гэтым беларускіх уладаў, а таксама пазыцыю Расеі ў гэтай справе”, - цытуе ліст Людмілы Карпенка, Вольгі Захаранкі, Зінаіды Ганчар, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы Завадзкай і Тацяны Клімавай “Gazeta Wyborcza”.

Побач з цытатамі са звароту штодзёньнік зьмяшчае таксама кароткія зьвесткі пра зьніклых ды асуджаных апазыцыйных палітыкаў. Адметна, што матэрыял у гэтай справе “Wyborcza” зьмясьціла побач з матэрыялам пра чарговыя сутычкі ў Бэлфасьце.

“Беларуская апазыцыя просіць у Квасьнеўскага дапамогі”, - пад гэткім загалоўкам пра зварот беларускіх жанчынаў да Аляксандра Квасьнеўскага распавядае ў сёньняшнім нумары штодзёнтьнік “Zycie”.

Сярод іншага газэта адзначае, што летась беларуская незалежная прэса, а таксама расейскае тэлебачаньне, распавядалі пра “эскадроны сьмерці”, якія непасрэдна займаліся ліквідацыяй асобаў, невыгодных Аляксандру Лукашэнка, аднак беларуская пракуратура праігнаравала гэтыя паведамленьні.

“Zycie” падае таксама камэнтар Першага сакратара польскай амбасады ў Менску Марка Буцько, які адзначае, што польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва даўно ўтрымлівае кантакты з падпісанткамі звароту. Паводле спадара Буцько, польская амбасада таксама шматкротна дамагалася ў беларускіх ўладаў згоды на наведваньне праціўнікаў Лукашэнкі, якія сядзяць цяпер у турмах.

Варта адзначыць, што ў часе леташняга візыту Аляксандра Квасьнеўскага ў Расею, не было ніводнага паведамленьня пра тое, што ў часе перамоваў прэзыдэнты якім-небудзь чынам закраналі пытаньні, зьвязаныя зь Беларусьсю.

Магчыма, што гэтым разам, па шматлікіх публікацыях у сродках масавай інфармацыі, сітуацыя зьменіцца на карысьць аўтарак звароту.

XS
SM
MD
LG