Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕГ АЛКАЕЎ: ІГНАТОВІЧ САПРАЎДЫ ВАЯВАЎ НА БАКУ ЧАЧЭНЦАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Алег Алкаеў пагаджаецца, што прычынай зьнікненьня апэратара ОРТ Завадзкага магла стаць ягоная дасьведчанасьць наконт датычнасьці да чачэнскіх падзеяў грамадзянаў Беларусі, аднак ён кажа не пра камадзіра СОБРу Паўлічэнку, а толькі пра Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў.

Пры гэтым Алкаеў спасылаецца на зьвесткі, атрыманыя непасрэдна ад чачэнскіх муджагідаў. З чачэнцамі Алег Алкаеў пазнаёміўся ў Бэрліне, у лягеры для палітычных ўцекачоў. У гутарцы з адным з чачэнскіх байцоў высьветлілася, што чачэнцы добра ведаюць Ігнатовіча як наёмніка, які са зброяй у руках змагаўся супраць расейскіх войскаў.

(Алкаеў: ) “Ён казаў: “Так, Ігнатовіч ваяваў на нашым баку супраць расейцаў”. Ад гэтага яны не адмаўляюцца. І таму вельмі верагодна, што зьнікненьне Завадзкага зьвязанае зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю. Ён у Чачэніі даведаўся, што Ігнатовіч ваюе за чачэнцаў, і, магчыма, ня ён адзін. Магчыма, таму яго і скралі”, — кажа Алег Алкаеў.

Тут Алкаеў пагаджаецца з вэрсіяй пракуратуры, якая таксама сьцьвярджае, што Ігнатовіч скраў Завадзкага, каб схаваць свой удзел у вайне супраць расейцаў. А вось тое, што расейцы пасьля затрыманьня Ігнатовіча ў Чачэніі адпусьцілі яго ды яшчэ ўзнагародзілі ордэнам — гэта Алкаеў патлумачыць ня можа. Паводле ягоных словаў, чачэнцы, зь якімі ён кантактаваў, ня ведаюць, чаму расейскія спэцслужбы адпусьцілі Ігнатовіча.

Збольшага пацьвердзіў Алег Алкаеў зьвесткі пра падразьдзяленьне пад кіраўніцтвам палкоўніка Васільчанкі, якое Ўгляніца і Жарнасек наўпрост зьвязалі з “эскадронам сьмерці”. Нагадаю, паводле Ўгляніцы і Жарнасека, менавіта гэтае фармаваньне сочыць за апазыцыянэрамі й пасьля загаду “зверху” арганізоўвае іхнае выкраданьне праз адмыслоўцаў з атраду Паўлічэнкі.

Алег Алкаеў згадаў, што напрыканцы пазамінулага году ў міліцэйскіх колах зьявіліся зьвесткі пра нейкае новае фармаваньне, утворанае ў пракуратуры пасьля таго, як яе ўзначаліў былы кіраўнік Савету бясьпекі Віктар Шэйман.

(Алкаеў: ) “Я чуў таксама, што ў пракуратуры стварылі шэраг вакансіяў, набралі звыш 140 адзінак у штат, якіх ніхто ня бачыў, але грошы яны атрымоўвалі. Гэта, відаць, якраз тое падразьдзяленьне апэратыўна-тэхнічнага забесьпячэньня дзейнасьці Савету бясьпекі, якое Шэйман стварыў спачатку ў Савеце бясьпекі, а потым перацягнуў у пракуратру, калі яго туды перамясьцілі ў лістападзе 2000 году. Відаць, Шэйман не давяраў ані КГБ, ані МУС, і таму стварыў гэтае фармаваньне, цалкам незаконнае, бо яно не адпавядае ні Канстытуцыі, ні законам”, — гэтак лічыць былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў.

Нагадаю, што пасьля таго, як Алкаеў зьвярнуўся да свайго кіраўніцтва з рапартам, у якім выклаў падазрэньні наконт датычнасьці Сівакова, Шэймана і Паўлічэнкі да зьнікненьняў апазыцыянэраў, ён неўзабаве быў пераведзены на іншую працу, а потым звольнены зь міліцыі. Цяпер Алкаеў вымушаны жыць у Бэрліне.


XS
SM
MD
LG